Улады праз суд імкнуцца закрыць „Цэнтр гарадскога жыцця”
У Гародні пачаўся судовы працэс па ліквідацыі культурна-асветніцкай установы „Цэнтр гарадскога жыцця”. Эканамічны суд Гародні дае магчымасць Паўлу Мажэйку, кіраўніку „Цэнтра”, азнаёміцца са справай.
Акурат 21 красавіка, па абедзе, ён накіраваўся туды. Кажа Павал Мажэйка:
– Прэтэнзіі галоўнага пракурора Гародні Уладзіміра Клішына тычацца выставы “Пушкін у Гародні”, на якой мы прэзентавалі творы мастака Алеся Пушкіна. Я звярнуў увагу, што ў пазове амаль слова ў слова гэтая частка спісаная з Вікіпедыі. То бок, асабліва ні пракурор, ні ягоныя падначаленыя не замарочваліся тым, каб нейкія доказы прыводзіць, проста спісалі з Вікіпедыі.
Паводле заканадаўства, на разгляд справы эканамічнага суда даецца месяц. Сярод удзельнікаў працэсу таксама прадстаўнікі ўпраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкаму.
У Гародні „Цэнтр гарадскога жыцця” быў апошняй значнай пляцоўкай, дзе праводзіліся вольныя творчыя падзеі, пасля закрыцця шэрагу на працягу года.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня