Улады прымаюць усе меры супраць афрыканскай чумы?



Дзеля прадухілення афрыканскай чумы свіней на беларускай мяжы зроблена ўсё. Такі адказ атрымаў прадстаўнік грамадскага аб’яднання „Зялёная сетка” ў Берасці Аляксей Коўтун.

Прадстаўнікі Мінсельгасхарчу з дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду патлумачылі, што ў сувязі з распаўсюджаннем АЧС забаронены ўвоз з Польшчы жывых свіней, свінога мяса ды прадуктаў яго перапрацоўкі, распавёў актывіст:

– Аказваецца, што ў нас усё добра, што ідзе супрацоўніцтва, у тым ліку з польскім бокам. Нашыя беларускія ўлады пазначылі, што яны выконваюць мерапрыемствы па зніжэнню колькасці дзікоў, а таксама прыгадалі пра мерапрыемствы па зніжэнню міграцыйнай актыўнасці. Але калі па зніжэнню колькасці, напрыклад, пазначаны адстрэлы, то пра міграцыйную актыўнасць абсалютна нічога. Што менавіта, дзе, якія дзеянні прадпрымаюцца не зразумела. Такое адчуванне, што ў нас праз мяжу не пераходзяць, а калі і пераходзяць, то павінны мець візу.

„Мы яшчэ раз накіруем запыт у тыя ж самыя органы з просьбай паведаміць, якія канкрэтна дзеянні прадпрымаюцца адносна міграцыйнай актыўнасці кабаноў”, – дадаў Аляксей Коўтун.

Беларускае Радыё Рацыя