Улады разглядаюць магчымасць вынасу за межы горада часткі МТЗ
Некаторыя цэхі Менскага трактарнага завода будуць вынесены за межы горада, калі не атрымаецца ўрэгуляваць іх шкодныя выкіды да 2030 года.
Кампанія за перанос ліцейных цэхаў Менскага трактарнага завода за межы горада, была абвешчаная каардынатарам Руху «За Свабоду» ў Менску Віктарам Янчурэвічам. Ён перадаў у Менгарвыканкам больш за 200 сабраных у падтрымку ідэі подпісаў.
«У горадабудаўнічным праекце, які знаходзіцца на стадыі ўзгаднення, запланавана дзеля паляпшэння экалагічнай сітуацыі выканаць мадэрнізацыю тэхналогіі вытворчасці і тэхнічнае перааснашчэнне прамысловых прадпрыемтстваў, у тым ліку ААТ „Мінскі трактарны завод“», — сказана ў адказе за подпісам першага намесніка старшыні Менскага гарвыканкама Фёдара Рымашэўскага.
Мэтай гэтай працы, адзначаюць улады, з’яўляецца скарачэнне на заводзе да нарматыўных параметраў выкідаў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе.
«У выпадку немагчымасці дасягнення нарматыўных паказчыкаў прапаноўваецца прадугледзіць вынас за межы Мінска асобных этапаў вытворчасці, у тым ліку ліцейных цэхаў, ці цэлых прадпрыемстваў на разліковы перыяд — да 2030 года», — заключыў Рымашэўскі.
Па словах Янчурэвіча, ліцейныя цэхі МТЗ — «гэта шкодная вытворчасць, пражыванне побач з якой нясе пэўныя пагрозы для здароўя насельніцтва, таму адкладанне вырашэння гэтай праблемы да 2030 года азначае тое, што яшчэ доўгі час будзе небяспека для здароўя гараджан”.
«Лічу што варта аб’яднаць высілкі гараджанаў для ціску на ўлады з мэтай паскарэння рэальных крокаў па паляпшэнні экалагічнай сітуацыі ў раёне Трактарнага заводу», — заключыў менскі гарадскі каардынатар Руху «За Свабоду».
Працягваецца збор подпісаў пад электронная петыцыяй у падтрымку кампаніі. Пакінуць свой подпіс можна тут.