Аляксей Лявончык: Нягледзячы на блакаванне рахункаў, фонд BY_Help працы не спыняе
Банкаўскія рахункі, на якія пацярпелыя беларусы атрымлівалі грашовую дапамогу ад фондаў салідарнасці, пачалі блакаваць. Падчас экстраннай прэс-канферэнцыі прадстаўнікі фондаў BY_Help і BYSOL агучылі далейшыя планы па забеспячэнні пацярпелых беларусаў кампенсацыямі з-за мяжы.
Кажа прадстаўнік фонду BY_Help Аляксей Лявончык:
– Людзям, у якіх забралі грошы, ім будзе аказана падтрымка. Пакуль мы кажам пра нефінансавую падтрымку: юрыдычную, праўную, што рабіць, калі да іх пачнуць дачэплівацца. Таксама мы рыхтуем прапанову дапамогі для людзей, якія зусім засталіся без грошай – то бок, без доступу да сваіх рахункаў. Што мы будзем рабіць з сумамі, якія заблакаваныя на рахунках, гэта ўжо пытанне пазнейшае.
Агулам вядома пра больш чым 600 выпадкаў блакавання. Пры гэтым “замарожанымі” аказаліся прыблізна 500 тысяч даляраў, што складае каля 1/6 ад усіх сродкаў фондаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск