Улады выконваюць цалкам альбо часткова да 70% петыцый грамадзян
На сервісе электронных калектыўных зваротаў Зручны горад. Petitions.by за 5 год існавання зарэгістравалася больш за 300.000 чалавек, сабрана больш за 500.000 подпісаў пад разнастайнымі петыцыямі.
Працэнт выканання патрабаванняў, што ўтрымліваюць звароты, дастаткова высокі – сягае да 70-ці, распавёў нашаму радыё стваральнік сервісу, эканаміст Уладзімір Кавалкін.
– Гэта звязана з тым, што, па-першае, цэнтральныя ўлады вельмі актыўна сочаць за тым, каб чыноўнікі на месцах працавалі са зваротамі грамадзян па сутнасці. Таму чыноўнікі пабойваюцца адмовіць грамадзяніну ў задавальненні ягонай просьбы. Калі ёсць магчымасць, яны часцей за ўсё задавальняюць. Другі важны момант – гэта тое, што большасць петыцый на самой справе з’яўляюцца не палітычнымі. Яны тычацца простых паўсядзённых пытанняў, якія мясцовыя органы ўлады мусяць вырашаць, і яны іх ўласна і вырашаюць.
Паводле Уладзіміра Кавалкіна, у першыя гады існавання на Менск прыходзілася ажно 80% ад усіх петыцый. Зараз на сталіцы – палова, другая палова зваротаў – уся астатняя Беларусь. Страх у рэгіёнах перад уладай мае аб’ектыўныя прычыны, тлумачыць Кавалкін.
– Гэта звязана з асцярогамі за сябе, за сваю сям’ю, за тое, што чыноўніку можа не спадабацца такі зварот. І рэакцыя чыноўніка будзе неадэкватнай. Чалавека звольняць з працы. А калі гэта маленькі горада, то страціць працу на горадаўтваральным прадпрыемстве – гэта фактычна азначае пераезд. Таму страхі ў рэгіёнах больш моцныя, чым у Менску. І з рэгіёнаў з’язджае шмат людзей. Усе самыя актыўныя і пазітыўныя, як правіла, пераязджаюць у сталіцу, або ўвогуле едуць працаваць за мяжу. Таму, адпаведна, і такое размеркаванне адбываецца не зусім адэкватнае.
Доля праігнараваных зваротаў знізілася з 15-ці да 5-ці працэнтаў зваротаў у апошні год, паведаміў Уладзімір Кавалкін.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя