Улады вырашылі змяніць Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях
Аляксандр Лукашэнка даў загад стварыць міжведамасную камісію для карэктавання Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП). Яе ўзначаліла намесніца старшыні ягонай адміністрацыі Вольга Чупрыс.
Звычайна да адміністрацыйных правапарушэнняў залічваюць тыя, што не нясуць вялікай шкоды грамадству. Сярод іх, напрыклад, «дробнае хуліганства», «парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства», «курэнне ў неналежным месцы» або «парушэнне парадку льготнага крэдытавання».
Што за змены хочуць зрабіць у КаАП, не паведамляецца: задача камісіі – «падрыхтаваць комплексныя прапановы». Поўнага складу камісіі не раскрываюць, але паведамляюць, што там ёсць прадстаўнікі Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, Генпракуратуры, Дзяржкантролю, Міністэрства юстыцыі, МУС, Міністэрства падаткаў і збораў, Нацыянальнага сходу і «навуковай супольнасці».
Да 24 студзеня 2020 года камісія прымае прапановы для ўдасканалення мераў адміністрацыйнай адказнасці.
Беларускае Радыё Рацыя