Улады забаранілі дэманстрацыю і мітынг супраць акумулятарнага завода



Улады забаранілі правядзенне 30 снежня дэманстрацыі і мітынгу супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем.

Мітынг планаваўся ў абласным цэнтры на плошчы Леніна, дэманстрацыя „Заводу тут не месца” — ў Берасцейскім раёне побач с прадпрыемствам, што будуецца.

Як паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў акцый праваабаронца Раман Кісляк, Брэсцкі гарвыканкам забараніў мітынг, спаслаўшыся на сваё рашэнне, у адпаведнасці з якім на плошчы Леніна не дапускаецца правядзенне масавых мерапрыемстваў.

Брэсцкі райвыканкам у сваім адказе паведаміў, што ў заяве адсутнічаюць звесткі і дакументы, якія пацвярджаюць звароты заяўнікаў дэманстрацыі ў органы ўнутраных спраў, арганізацыі, якія ажыццяўляюць медыцынскае абслугоўванне і ўборку тэрыторыі. Акрамя таго, мясцовы аддзел унутраных спраў выказаў меркаванне аб немэтазгоднасці правядзення гэтага мерапрыемства.

„Чыноўнікі выкарыстоўваюць любыя, парой абсурдныя довады, каб не дапусціць публічных акцый пратэсту супраць гэтага завода. Арганізацыі не заключаюць дагаворы з заяўнікамі мерапрыемстваў без дазволу іх правядзення выканкамам”, — заявіў Кісляк.

Грамадская кампанія супраць завода пачалася ў рэгіёне ў студзені. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 38 мітынгаў, 12 пікетаў і пяці дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Брэстчаўчанкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

Праціўнікі будаўніцтва збіраюцца з 25 лютага кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Брэсце.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПауэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.

31 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што апасенні наконт будаўніцтва акумулятарнага завода крыху перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў заказчыкаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ”, — сказаў ён. Несумненна, лічыць Румас, падобныя буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і вырашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць годную заработную плату”, — заявіў ён.

15 снежня першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна падчас прамой лініі паведаміла брэсцкаму актывісту Дзям’яну Лепясевічу, што праектная дакументацыя акумулятарнага завода адкліканая праекціроўшчыкам з паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Паводле яе слоў, пасля прапрацоўкі дакументацыі яна зноў будзе пададзена на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

21 снежня ў Брэсцкі райвыканкам пададзена заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму аб забароне будаўніцтва акумулятарнага завода.

belapan.by