Уладзімір Булаўскі: Кожнаму гораду патрэбен крэатыўны менеджэр
Рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі”, каардынатар праектаў сацыяльна-культурнай установы “Vitebsk4me” Уладзімір Булаўскі перакананы, што грамадскі актывізм зараз больш уплывовы за актывізм палітычны. І што прыйшоў час, каб улады звярнулі на гэта ўвагу. Таму чыноўнікам варта палепшыць навыкі камунікавання – быць больш адкрытымі ў сацыяльных сетках, навучыцца складаць уцямныя прэс-рэлізы і не апасацца прапановаў ад грамадскасці.
І грамадскім актывістам, у сваю чаргу, варта не адасабляцца, а дэманстраваць сваю гатоўнасць рабіць лепшымі беларускія гарады. А па вялікім рахунку, трэба ўводзіць пасаду гарадскога крэатыўнага менеджэра, лічыць Уладзімір Булаўскі:
-Мне падаецца, што вялікім, прынамсі, гарадам, патрэбны гарадскі менеджэр. Гэта павінна быць пасада з конкурсным адборам, з сур’ёзным падыходам да кандыдатаў. Гарадскі менеджэр павінны займацца акамуляцыяй крэатыўнага патэнцыялу горада, наладжваць камунікацыйныя сувязі паміж грамадскім сектарам, бізнесам і ўладамі. Каб яны не размаўлялі з бізнесоўцамі ці грамадскасцю ў загадным тоне. Ён павінны працаваць на стварэнне пазітыўнага іміджу горада. Да гэтай пасады неабходна стварыць яшчэ і грамадскую раду з прадстаўнікоў грамадскасці, бізнесу, уладаў, але праца гэтай рады павінна быць дабрачыннай.
Уладзімір Булаўскі падкрэслівае: беларускім гарадам вельмі бракуе сапраўднага самакіравання. А яшчэ – сапраўднай беларускасці.
Гутарку пра тое, ці ёсць выйсце з такога становішча, слухайце ў далучаным файле:
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя