Уладзімір Ганчарык: Не тыя прыярытэты ў дзяржавы…
Экс-кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзімір Ганчарык распавядае пра тое, чаму ўлады скарачаюць фінансаванне сацыяльных праектаў.
Менскі гарадскі савет дэпутатаў скарэктаваў інвестыцыйную праграму сталіцы на 2016 год, зацверджаную ў снежні мінулага году. У выніку ў Менску амаль у два разы скарацілі фінансаванне сацыяльных будоўляў і дзіцячых садкоў.
Уладзімір Ганчарык: Для любога нармальнага чалавека абсалютна зразумела, што ў дзяржавы не тыя прыярытэты, якія неабходны. Ёсць жа многія іншыя артыкулы выдаткаў, якія можна было б скараціць. У краіне, напрыклад, працягваюцца будоўлі аб’ектаў, якія не такія ўжо і жыццёва неабходныя. Ладзяцца розныя мерапрыемствы, якія ў крызісны час можна было б правесці больш сціпла альбо наогул не праводзіць. Доўгія гады ідзе размова пра скарачэння дзяржаўнага апарату, але, думаю, эфектыўна гэта не зроблена да гэтага часу. У тым ліку я маю на ўвазе і сілавыя структуры.
РР: Калі зыходзіць з пытанняў бяспекі краіны, ці можна сказаць, што добрае фінансаванне сілавікоў – апраўданы крок?
Уладзімір Ганчарык: Прабачце, а пры чым тут бяспека краіны? Гэтае пытанне, калі і трэба вырашаць, то шляхам якасці, а не колькасці. А ў нас што адбываецца? Я ў свой час, калі працаваў у раёне, там міліцыі было каля 20 чалавек. Зараз – каля сотні. Стаўку трэба рабіць на эфектыўнасць, а не на колькасць людзей у пагонах, якіх ужо і на самай справе – армія. Тады і выдаткі на сацыяльныя праекты не будуць скарачацца. А тэндэнцыя да апошняга, хутчэй за ўсё, працягнецца. Прасцей перакласці цяжар на людзей, чым распрацоўваць эфектыўную эканоміку.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя