Уладзімір Ганчарык: Нізы павінны варушыць вярхі
Былы старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзімір Ганчарык распавядае пра сённяшнюю ролю афіцыйных прафсаюзаў у абароне правоў працоўных.
Крызіс у эканоміцы прывёў да таго, што найперш церпяць працоўныя. Ідуць скарачэнні, зніжаюцца заробкі… На чыю дапамогу спадзявацца людзям?
Уладзімір Ганчарык: На жаль, у такіх умовах афіцыйныя прафсаюзы наўрад ці будуць прадпрымаць актыўныя дзеянні, якія стануць адэкватнымі сітуацыі. Для гэтага неабходна і ўменне, і рашучасць, ды палітычная воля. А яе няма. Спробы стварыць нейкі форум, папрасіць кіраўніка краіны зрабіць нешта, як мне падаецца, так і засталіся без адказу. А на масавыя дзеянні гэтыя прафсаюзы не здольныя. Іншая спроба, што некаторыя прафсаюзныя камітэты дапамагаюць асобным людзям у абароне іх юрыдычных правоў. Гэта трэба прызнаць. Там, дзе працуюць найбольш актыўныя дзеячы, робяцца і справы. Але, на жаль, гэта адзінкавыя выпадкі. У цэлым жа можна канстатаваць, што сёння Федэрацыя прафсаюзаў, якая павінна кожны дзень біць у званы, гледзячы на сітуацыю з працоўнымі, не адпавядае статусу арганізацыі, якая павінна ў першую чаргу абараняць правы працоўных.
РР: На чыю дапамогу ў такім выпадку спадзявацца людзям?
Уладзімір Ганчарык: Найперш людзі, якія ўваходзяць ў прафсаюзы, павінны памятаць, што гэта яны павінны дыктаваць палітыку паводзінаў прафсаюзных органаў. Але няма ўсведамлення, што ты сябра прафсаюза, а не проста ўваходзіш у склад нейкай “дабрачыннай арганізацыі”. Павінна быць ініцыятыва з нізоў, як гэта адбываецца ў Еўропе. Калі адчуюць, што нізы незадаволены, то стануць варушыцца і вярхі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя