Уладзімір Гундар: Прыйшоў час вышыванкі, прыйдзе і час мовы
На цэнтральнай плошчы Баранавічаў прайшло свята вышыванкі, якое ініцыявалі актывісты Руху “За свабоду”.
На свяце прысутнічалі сябры розных партый і грамадскіх аб’яднанняў, а таксама гараджане, якім удзельнікі свята дарылі стужачкі з беларускім арнаментам. Многія былі ў вышыванках ды беларускіх нацыянальных строях.
Атмасферу свята ўзмацніла музыка, якую выконвалі на саксафоне і скрыпцы ўнукі прадпрымальніка і актывіста Міколы Чарнавуса – Андрэй і Павел.
Як кажа кіраўнік баранавіцкай суполкі Руху “За свабоду” Уладзімір Гундар, гэта не першае свята вышыванкі ў Баранавічах, якое ладзіла дэмакратычная супольнасць, але першае на дзяржаўным узроўні:
– Калі ў іх прыйшоў час вышыванкі, то, мяркуем, прыйдзе і час мовы. Не важна, хто яго арганізоўвае. Калі мы сапраўды адраджэнцы, калі мы – нацыяналісты і хварэем за адраджэнне Бацькаўшчыны і пабудову свабоднай, незалежнай і моцнай Беларусі, то мы мусім удзельнічаць, пашыраць, развіваць, укараняць такія святы.
Дзяржаўныя органы не прымалі ўдзел у свяце, а супрацоўнікі міліцыі здымалі акцыю на відэа. Таксама на плошчы з’явіліся двое глуханямых, якія прапаноўвалі мінакам набываць дзяржаўныя чырвона-зялёныя і расейскія сцягі. Жадаючых набываць не было і яны хутка сышлі з плошчы.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы