Уладзімір Каранік спадзяецца, што эпідэміі грыпу не будзе



Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік спадзяецца, што сёлета ў Беларусі не будзе эпідэміі грыпу. Пра гэта ён заявіў журналістам 2 кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў.

Паводле яго слоў, вакцыны ад грыпу закупленыя ў дастатковай колькасці і размеркаваныя па ўсіх рэгіёнах.

«Я спадзяюся, калі яна (кампанія па вакцынацыі. – БелаПАН.) пройдзе паспяхова, то эпідэміі грыпу сёлета не будзе», – сказаў Каранік.

Ён нагадаў, што ў 2018 годзе эпідэміі грыпу ў Беларусі не было. «Мінулы год мы прайшлі, па-сутнасці, без эпідэміі грыпу, у нас быў дасягнуты высокі ўзровень вакцынацыі», – падкрэсліў Каранік.

Намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан 13 верасня на прэс-канферэнцыі паведаміла, што, як і ў папярэдні эпідсезон, у гэтым плануецца прышчапіць не менш за 40% жыхароў Беларусі. Ахоп вакцынацыяй груп рызыкі павінен быць не меншы за 75%, адзначыла Карабан. Вакцынацыя за кошт дзяржбюджэту будзе праводзіцца, як і летась, трохвалентнай расейскай вакцынай «Грыпол плюс». На эпідсезон 2019/2020 гадоў Міністэрства аховы здароўя ўжо закупіла 1,5 млн доз гэтай вакцыны коштам 1,5–2 рубля за дозу.

Загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка Высоцкая на гэтай жа прэс-канферэнцыі паведаміла, што вакцынацыя супраць грыпу пачнецца ў кастрычніку, «як толькі вакцыны выйдуць з лабараторнага кантролю». Плануецца завяршыць вакцынацыю да 1 снежня.

Паводле слоў Высоцкай, у мінулым сезоне ў Беларусі ад грыпу былі прышчэпленыя 3,7 млн чалавек, з якіх 246 тысяч – дзеці. Яна адзначыла, што эфектыўнасць сучасных вакцын складае ад 70 да 90%. «Гэта значыць, што 70–90 чалавек са 100 прышчэпленых не захворваюць на грып, выкліканы тымі штамамі, якія ўтрымліваюцца ў вакцыне, – сказала Высоцкая. – Тыя ж, хто захварэюць, адназначна перанясуць захворванне больш лёгка і без ускладненняў». У сезоне 2018/2019 гадоў лабараторна пацверджанае захворванне на грып сярод прышчэпленых грамадзян было ў 12,3 разы ніжэй, чым сярод непрышчэпленых. «З тых, хто захварэў, 98,2% не прайшлі вакцынацыю», – паведаміла Высоцкая.

БелаПАН