Уладзімір Кацора: Гатовыя разам з уладай адзначыць 100-годдзе БНР
Гомельская грамадскасць пачала рыхтавацца да адзначэння 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Сябры дэмакратычных арганізацый рэгіёна, навукоўцы і палітыкі стварылі ініцыятыўную групу, якая зоймецца планаваннем і арганізацыяй святочных мерапрыемстваў з нагоды круглай даты.
Паводле палітыка Уладзіміра Кацоры, гэтым разам грамадскасць звяртаецца да ўлады з прапановамі аб супольным адзначэнні вельмі важнай даты.
– Само па сабе пытанне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў адносінах да нашай гісторыі таго этапу ў сённяшняй улады пакуль не адназначнае, хаця Аляксандр Лукашэнка на днях крыху пазітыўна выказаўся, маецца на ўвазе Усебеларускі з’езд, і таму мы вырашылі працаваць на стадыі ініцыятыўнай групы, а стасункі з уладай рабіць па формуле супольнай працы. Пакуль мы будзем прапаноўваць тое, што мы можам. Паглядзім, што яны прапануюць, дзе мы можам аб’яднацца.
У Гомелі 100-я ўгодкі БНР пройдуць пад знакам ушанавання памяці вядомых гомельцаў, якія маюць дачыненне да аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. У прыватнасці, шэраг мерапрыемстваў будзе прысвечана асобе міністра сацыяльнай апекі БНР Палуце Бадуновай.
Беларускае Радыё Рацыя