Уладзімір Кавалкін: Каму патрэбны такія пацехі?



Кіраўнік праекта “Кошт урада” Уладзімір Кавалкін распавядае пра тое, што сёння больш патрэбна людзям: хлеб альбо відовішчы?

Нагадаем, што Лукашэнка даў даручэнне на высокім узроўні арганізаваць і правесці парад да Дня Незалежнасці.

“Сродкаў на гэта шкадаваць не варта”, – дадаў беларускі кіраўнік.

Уладзімір Кавалкін: Адказ тут адназначны – такія пацехі сёння нікому не патрэбны. Дарэчы, калі рыхтаваўся мінулы парад, у гэты ж час праходзіла вялікая грамадзянская кампанія па зборы подпісаў. І тады каля 3 тысяч чалавек падпісалася з просьбай хаця б перанесці такія парады за межы горада. Па-першае, усе гэтыя фэсты перашкаджаюць жыхарам сталіцы – не прайсці, не праехаць, бруд, пашкоджаны асфальт… Па-другое, любы парад каштуе грошай. Выдаткі прамыя і ўскосныя – каб правесці мерапрыемства і затым, каб адрамантаваць дарогу. Аднак тады падпісантам петыцыі адказалі прыкладна так – “для сучаснай Беларусі парады сталі традыцыяй”, а значыцца адмовіцца не можам.

РР: Але ж улады заяўляюць, што грошы патрацяць на парад не вельмі вялікія…

Уладзімір Кавалкін: Сапраўдны гаспадар у крызіс лічыць кожную капейку. Тым больш, у часы, калі людзям востра неабходна сацыяльная падтрымка. Але замест гэтага грошы ідуць на парады, а затым яшчэ і на рамонт асфальта пасля парада. І нават, калі вельмі хочацца правесці такое шыкоўнае мерапрыемства, то зрабіце гэта больш сціпла – не ездзіце на танках па гарадскіх дарогах, а пастаўце ў якім-небудзь месцы тры баявыя машыны, каб людзі маглі іх паглядзець. Альбо за горадам усё арганізуйце. А салдаты няхай бы маршыравалі і па асфальце, каб народ убачыў, што ў нас ёсць такія ваенныя сілы. Таму можна было б зрабіць свята для менчукоў, і пры гэтым патраціць куды менш грошай. Але такі варыянт уладу чамусьці не задавальняе. Гэты парад павінен у першую чаргу задавальняць некалькіх чалавек.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя