Уладзімір Кавалкін: Рост коштаў на паслугі ЖКГ працягнецца
Кіраўнік праекту “Кошт ураду” Уладзімір Кавалкін распавядае пра чарговае павышэнне “камуналкі” і прагназуе далейшую дынаміку росту коштаў у гэтай галіне.
З сёняшняга дня ў Беларусі павышаюцца тарыфы на газ, электрычную і цеплавую энергію. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 996 ад 30 лістапада, якая набыла моц 1 снежня.
Уладзімір Кавалкін: Павышэнне прагназуемае, таму што з аднаго боку была даволі вялікая інфляцыя, а з іншага – на працягу году “камуналка” не вельмі і расла.
РР: Ці працягнецца рост коштаў у гэтай галіне?
Уладзімір Кавалкін: Увогуле, урад плануе давесці рост паслуг ЖКГ да 100 адсоткаў. На гэты момант мы плацім па разліках ураду у межах 30-40 адсоткаў. Кошты, здаецца, павышаюцца, але інфляцыя і дэвальвацыя гэта “з’ядаюць”. Таму рост, безумоўна, магчымы. Асабліва, калі паглядзець, якія ў бюджэце грошы закладваюцца. Хоць у 2016 годзе закладзены вялікія сумы менавіта на субсідзіраванне ЖКГ. Таму можна з упэўненасцю сказаць, што ў наступным годзе да 100 адсоткаў “камуналка” не вырасце. Кошты будуць павышацца, але павольна.
РР: Наколькі сёння гэта балючы артыкул выдаткаў для насельніцтва?
Уладзімір Кавалкін: Людзі заўсёды балюча ўспрымаюць павышэнне коштаў на “камуналку”, але, калі параўноўваць з іншымі краінамі-суседзямі, то ў нас яшчэ не крытычная сітуацыя.
РР: Ці будзе атрыманне знешніх крэдытаў звязана з павышэннем тарыфаў на паслугі ЖКГ?
Уладзімір Кавалкін: Што датычыцца Міжнароднага валютнага фонду, то адназначна. Адна з умоў выдачы крэдыту МВФ – адмена перакрыжаванага субсідзіравання і давядзенне аплаты за паслугі ЖКГ да 100 адсоткаў ад сабекошту. Калі мы кажам пра крэдыты з боку Расеі, то там такіх умоў пакуль няма.
РР: Вы сказалі, што ў 2016 годзе мы не выйдзем на 100-адсоткавую аплату за паслугі ЖКГ. А калі гэта можа адбыцца?
Уладзімір Кавалкін: Тады, калі ў жыроўках убачым за двухпакаёўку суму эквівалентную 60-100 далярам. Але пры гэтым трэба разумець, што мы ўласнымі падаткамі папаўняем бюджэт, а затым гэтыя грошы вяртаюцца да нас у якасці субсідзій. Таму казаць, што мы зусім мала плацім за “камуналку” – не зусім шчыра. Мы ўжо плацім 100 адсоткаў, але робім гэта праз бюджэт. Ёсць такая переразмеркавальная сістэма. Гэта своесаблівая каса ўзаемадапамогі.
РР: Ці пойдзе наша так званая сацыяльная дзяржава на ўвядзенне для насельніцтва 100-адсоткавай аплаты за “камуналку”?
Уладзімір Кавалкін: Пакуль наўрад ці, бо і так назіраецца падзенне ўзроўню прыбыткаў людзей. У такіх умовах гэта зрабіць проста немагчыма. На сёняшні дзень сярэдні заробак па краіне ўжо каля 350 даляраў, і, калі рэзка падняць кошты на паслугі ЖКГ, то атрымаюцца вельмі вялікія і непад’ёмныя сумы для простых людзей.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара