Уладзімір Казлоўскі – на волі



Ля сценаў будынка Ленінскага РАУС Берасця сабралася з дзясятак чалавек, каб сустрэць мясцовага актывіста Уладзіміра Казлоўскага. Ён разам з яшчэ трыма актывістамі прымаў удзел у першатравеньскай акцыі пратэсту з “Чыстымі аркушамі”, за што быў пакараны 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Каментуе грамадскі актывіст Андрэй Шарэнда, які сярод іншых прыйшоў сустрэць Уладзіміра:

– Я асабіста ведаю Уладзіміра Казлоўскага. Прыйшоў падтрымаць яго як актывіста, як чалавека. У яго ёсць сям’я. Ён вельмі добры і адукаваны чалавек, ведае, за што змагаецца і за што церпіць. Добра, што ў Беларусі ёсць такія людзі.  

Уладзіміра Казлоўскага выпусцілі каля 14:10. Адразу пасля вызвалення ён распавёў пра тое, чым займаўся ў час арышту:

– Сядзець не праблема. Праблема, калі няма інфармацыі з дому, як і што тут адбываецца. Увогуле, сувязь парушаная, лісты з дому позна перадаюць. Складваецца ўражанне, што ўсё гэта адмыслова робіцца.

Судзілі Уладзіміра Казлоўскага за “ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”. Актывіст збіраецца абскардзіць прысуд у вышэйшых інстанцыях. Ужо ў 18:30 павінен выйсці з ізалятара берасцейскі блогер Дзмітрый Гарбуноў, якога затрымалі напярэдадні акцыі.

[Not a valid template]Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара