Уладзімір Халіп: Варта ім было б адумацца і куды-небудзь збегчы
Беларусь перажывае цяжкія, смутныя часы. Каб іх вытрымаць, трэба аб’ядноўвацца, падтрымліваць адзін аднаго, не мірыцца са злом. І змены прыйдуць, – лічыць Госць Рацыі, публіцыст Уладзімір Халіп.
РР: Хацеў сказаць добры дзень. Але ж які ён добры.Чарговы дзень прынёс нам сумныя навіны – ператрусы, затрыманні, чарговыя крымінальныя справы…
Уладзімір Халіп: Сапраўды добры дзень, напэўна, надыдзе пазней. А тое, што робіцца цяпер, гэта ўвогуле зразумець немагчыма. Таму што краіна ператвараецца не проста ў нейкую зону шалёнага таталітарызму, яна ператвараецца ў нейкую вар’ятню. І мы гэта бачым, мы гэта разумеем і мы гэта павінны якім-небудзь чынам спыніць. Таму што жыць у гэткай краіне немагчыма. Калі хто-небудзь спадзяецца што да яго не прыйдуць, што ён прыстасуецца, што ён пасядзіць недзе пад венічкам, ці ў цяньку, пакуль усё гэта робіцца. Гэты чалавек памыляецца. Таму што, калі прыходзіць навала, калі прыходзіць шаленства і яно пануе, то ніхто ў баку не застанецца. Яны прыйдуць да кожнага. І кожнаму яны або выламаюць дзверы, або пакалечаць яго, або кінуць у турму. Або яшчэ што-небудзь зробяць, больш дзікае. Таму што на выдумку гэтыя людзі здатныя на столькі, што нават гітлераўскія акупанты да такога не дадумваліся. Хапаць і кідаць у вязніцу, а потым прысуджаць нейкія шалёныя штрафы жанчыне, якая вывучае ангельскую мову, якая расклейвала аркушы з адпаведнымі словамі па хаце і вывесіла там нешта на акне, удумайцеся, на 12 паверсе. Гэта ж трэба які зрок мець, якую мэтанакіраванасць, якое вар’яцкае шаленства, каб убачыць, што там, на 12-м паверсе, у акне нешта такое крамольнае вісіць. Белы аркушык, на якім напісана чужое слова. Гэта што робіцца? Да чаго дажылі? Як можна жыць у такой атмасферы нармальным, звычайным людзям? І што яны думаюць, што будуць іх цярпець? Гэта вельмі хутка скончыцца. Скончыцца кепска. І ім варта было б адумацца і куды-небудзь збегчы. Таму што канец будзе адпаведны. І ніякіх іншых варыянтаў быць не можа.
РР: Можна згадаць з гісторыі, калі супрацоўнікі і кіраўніцтва савецкага КГБ абяцала, клялося, што ўжо ніколі больш не вернуцца да сталінскіх метадаў, якія практыкаваліся ў 30-50-ыя гады. Але ж слова не вытрымалі. Уся гэтая беларуская сілавая сістэма падобна вяртаецца да метадаў Яжова, Берыі, Цанавы і іншых. Якія, дарэчы, таксама скончылі кепска.
Уладзімір Халіп: Толькі на кароткія некалькі гадоў у Беларусі змянілася гэтая савецкая сістэма на нешта іншае. А потым яна была зноў адноўлена і зараз мы бачым абвальнае абнаўленне гэтай сталінскай сістэмы 37-га году. Пакуль не расстрэльваюць, але гэта такая дробязь, што ў адзін момант могуць пачаць.
РР: Але тэрміны ўжо даюць вялікія. Вось Бабрыка, былы патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты, 14 год атрымаў. Тэрміны ўжо амаль сталінскія. Ні за што. За тое, што вылучыўся кандыдатам.
Уладзімір Халіп: У Глыбокім пасля вайны хлопчыкі і дзяўчаткі стварылі такое таварыства накшталт “філаматаў і філарэтаў”, каб служыць свайму народу, каб рабіць усё лепшае паўсюль, дзе толькі яны будуць, у якой бы там вёсцы, у якім бы глухім куточку не давялося ім працаваць. І адзінае, што яны зрабілі, ненавіснае савецкай уладзе, той, сталінскай, гэта намалявалі сабе бел-чырвона-белы сцяг і Пагоню. Іх усіх схапілі, абвясцілі фашысцкімі памагатымі і далі каму 25 гадоў, каму 15, каму 8, каму 10. Не зважаючы на ўзрост, на тое, што яны яшчэ не паўналетнія. І вось гэта самае робіцца і сёння. Мы ўсё ў той жа краіне 47-га году. Прыйшлі ўсё тыя ж людзі.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя