Уладзімір Хільмановіч: Улады хочуць гвалтам прывіваць патрыятызм



Улады прапануюць вывешваць у святы дзяржаўныя сцягі на прыватных дамах.

“Гэта распіска ў сваёй поўнай ідэалагічнай некампетэнцыі і нават духовай імпатэнцыі. Калі праз столькі гадоў насаджэння гэтай сімволікі яны лічаць, што яна не прышчапілася, то рэакцыя на такія захады можа быць яшчэ больш адмоўнай”, – так пракаментаваў прапанову некаторых прадстаўнікоў беларускіх уладаў зрабіць вывешванне дзяржаўных сцягоў у святы на прыватных дамах і кватэрах гарадзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:

– Гэта ўжо не тэатр абсурду, а цырк абсурду. Абавязваць людзей вывешваць на прыватных дамах дзяржаўныя сцягі ў той час, калі яны забараняюць вывешваць нацыянальныя сцягі. І ўлады прыводзіць такую аргументацыю: “Час паказаў, што гэтая сімволіка не ўвайшла па сапраўднаму ў сэрцы і душы людзей”. Яна і не магла ўвайсці, бо яна чужародная. І ўлады хочуць гвалтам прывіваць патрыятызм, павагу да гэтай сімволікі. Як вядома з гісторыі, нічога добрага з такіх эксперыментаў не было. 

Праваабаронца спадзяецца, што ў чыноўнікаў хопіць розуму, не забракне разважлівасці і такая абсурдальная прапанова не будзе ўведзена заканадаўча.

Нагадаем, з прапановай прымушаць беларусаў вывешваць дзяржаўны сцяг на свае прыватныя дамы выступілі былы кіраўнік Магілёўскай вобласці Барыс Батура разам са старшынём «Савета рэспублікі» Міхаілам Мясніковічам.

 Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя