Уладзімір Хільмановіч: гэта імітацыя дыялогу



Гвалтоўныя затрыманні ў Менску і Гародні, затрыманні пенсіянераў – гэта на думку гарадзенскага праваабаронцы і публіцыста Уладзіміра Хільмановіча  –  незваротная сітуацыя ў грамадстве.

 Кажа Уладзімір Хільмановіч:

– Я гляджу на гэтую сітуацыю, як на незваротную. Па сутнасці ўлада не ўстане ў сілу сваёй прыроды прапанаваць грамадству нейкую альтэрнатыву. У прынцыпе і дэмакратычныя сілы і народ на вуліцах, яны гатовы да мірных перамоваў, да дыялогу, да канструктыўнага развязання сітуацыі, якая склалася ў краіне. Але ўлада не здольная на гэта нават на 5-10 адсоткаў у сілу сваёй прыроды, яны разумеюць толькі пазіцыю сілы, яны скіраваныя на тое, каб фактычна сілай задушыць усе мірныя выступы.

Праваабаронца лічыць, што перамовы ў СІЗА КДБ – гэта гандаль людзьмі.

– Гэта звычайны гандаль людзьмі. Гэта мы назіралі ў 2010 годзе. І яшчэ раней у 2006 годзе часткова. Таму ў прынцыпе ў такіх пазіцыях і ў такіх хадах, у якіх апынулася ўлада, няма нічога сенсацыйнага. Усё гэта старая, заезджаная песня. Старая, заезджаная пласцінка, якую прымяняюць выключна з нейкімі замежнымі кірункамі – дэманстрацыя Захаду, нібыта нейкія ўяўныя саступкі, дэманстрацыя, магчыма, Усходу на лаяльнасць да тых, хто не выступае супраць экспансійнай палітыкі Расеі. Усё гэта імітацыя, гульня і гандаль.

Праваабаронца штодня адсочвае сітуацыю ў Гародні і лічыць сёлетнія рэпрэсіі ўладаў аднымі з самых моцных за апошнія 20 год.

Беларускае Радыё Рацыя