Уладзімір Хільмановіч: Зараз усё трэба пачынаць з нуля



Гарадзенскія прадстаўнікі Таварыства Беларускай Мовы выказваюць стрыманы аптымізм у пытанні беларускамоўнай адукацыі.

Chilmanovich 2

Сёлета адбыўся невялікі зрух, калі было створана некалькі невялікіх беларускіх групаў у дзіцячых садках і некалькі маленькіх класаў на ўсю Гародню – адзначыў у эфіры нашага радыё праваабаронца і журналіст, бацька траіх дзяцей, Уладзімір Хільмановіч, падводзячы вынікі 2014 году:

– Сітуацыя ў цэлым вельмі сумная і яна застаецца, яна не можа быць іншая, бо 19 гадоў ішла русіфікацыя страшная. На Гарадзеншчыне за гэтыя 19 гадоў знішчаныя  школы, у якіх выкладалі па-беларуску. І зараз усё трэба пачынаць з нуля. А прадстаўнікі ўлады разводзяць рукамі: няма бацькоўскіх заяваў, ці іх вельмі мала.

Вырашыць праблему можна даволі проста: дастаткова абвясціць набор у беларускамоўныя класы ў прэстыжныя школы Гародні, бо, паводле Ўладзіміра Хільмановіча, бацькі хочуць аддаваць сваіх дзяцей у самыя лепшыя навучальныя ўстановы.

Пакуль жа ўлады праводзяць падвойную палітыку: з аднаго боку дэкларуюць жаданне дапамагчы, а з іншага – ніякіх рэальных крокаў дзеля гэтага не робяць.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя