Уладзімір Колас: Павел Адамовіч быў вельмі перспектыўным палітыкам
Польскі патрыёт, які падтрымліваў беларускую справу. У вянок памяці Паўла Адамовіча.
Заўчасна сышоўшага прэзідэнта Гданьска ўзгадвае заснавальнік і дырэктар зачыненага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэя Уладзімір Колас:
– Мы пазнаёміліся, дзякуючы ліцэю. У свой час мы атрымалі запрашэнне прыехаць у Гданьск. Гэта было гадоў 20 таму. Першы раз нас запрасіла мясцовая суполка беларусаў, якую ўзначальвае спадарыня Лена Глагоўская. Тады мы не пазнаёміліся са спадаром Паўлам. Але ведалі, што ён дапамагаў гэтаму візіту. А потым, калі хмары сышліся над нашым лёсам, ліцэй быў афіцыйна ліквідаваны, з Гданьска прыйшла прапанова падчас летніх вакацый, калі вызваляюцца аўдыторыі, наведваць Гданьск кожнае лета цягам месяца. Гэта ўсё было па запрашэнні прэзідэнта Гданьска і пры фінансавай падтрымцы мэрыі. Прыходзіў да нас Павел Адамовіч час ад часу, гутарыў з ліцэістамі, нас запрашаў у мэрыю. Такім чынам мы і пазнаёміліся. Калі быў юбілей ліцэя, па-мойму 20-годдзе, прыехаў ён са сваім намеснікам Мацеем Лісіцкім да нас у Менск. Для нас гэта было вельмі і вельмі прыемна. Гэта быў гонар для нас мець такую падтрымку, такіх прыхільнікаў, сімпатыкаў.
РР: На той час у Гданьску і прэзідэнт горада, і яго намеснік былі прыхільнікамі беларускай мовы і беларускай культуры і мелі беларускія карані.
Уладзімір Колас: Безумоўна, гэтая цікавасць адбывалася ў тым ліку і дзякуючы таму, што яны мелі беларускае паходжанне. У Гданьску мы сустрэлі сапраўдных сяброў. І гэты горад стаў для нас нечужым за гэтыя гады. У чым унікальнасць гэтага чалавека, – сапраўды, пяць кадэнцый абірацца прэзідэнтам на сапраўдных дэмакратычных выбарах, дзе галасуюць не па спісе, дзе не прызначаюць і малююць вынікі, а дзе ты мусіш перамагаць. Вынікі гэтых выбараў сведчаць, што гэты чалавек быў сапраўды на сваім месцы і меў талент да гэтай справы. Але самае галоўнае, гэта быў чалавек, якому сапраўды падабалася гэтая праца, ён любіў рабіць людзям дабро і атрымліваў ад гэтага кайф. І яго прастата, адсутнасць пыхі, якую мы прызвычаіліся бачыць у нашага начальства.
РР: У гэтым кантэксце, як успрыняць, што вельмі заўчасна абарвалася ягонае жыццё?
Уладзімір Колас: Я не хачу рабіць нейкіх заяў, але можа не ўсё так проста, можа гэта не проста нейкі вар’ят быў. Павел Адамовіч быў вельмі перспектыўным палітыкам. Наколькі я ведаю, там ствараўся нейкі новы рух, можа новая партыя, новая палітычная сіла. Наперадзе мог апынуцца спадар Адамовіч. Да канца невядомыя прычыны гэтай трагедыі. Магчыма ў такіх варунках пераацаніў ён бяспеку свайго становішча. Бо ніколі я не бачыў побач з ім ніякіх целаахоўнікаў. Ён проста хадзіў, як звычайны гараджанін, па вуліцах. І падвяргаў сябе такой небяспецы.
Ён уваходзіў у час сваёй палітычнай сталасці, росквіту. Гэта ўсё дазваляла спадзявацца, што Гданьск – гэта не вышэйшая кропка ягонай палітычнай кар’еры. З вялікай павагай і любоўю мы ставімся да Польшчы і жадаем ёй толькі добрага. Магчыма гэтая фігура і сіла была б вельмі і вельмі дарэчы ў гэтай сітуацыі, гледзячы што там сёння адбываецца, на гэтыя канфлікты, непаразуменні ў грамадстве. Гэта неяк ураўнаважыла б гэтую сітуацыю і палепшыла б яе. Таму гэта безумоўна дадае смутку.
Вядомы польскі дзеяч, які спрыяў беларускай адукацыі, падтрымліваў беларусаў у Польшчы, прэзідэнт Гданьска Павел Адамовіч трагічна загінуў 14 студзеня пасля нападу на дабрачынным канцэрце.
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота Agencja Gazeta