Уладзімір Колас: Ёсць людзі, якія ўсё паслядоўна бураць
Кіраўнік Рады беларускай інтэлігенцыі распавёў пра “старую хваробу беларускай апазіцыі”.
Спрэчкі ў дэмакратычным асяродку вакол таго, у якім фармаце 25 сакавіка трэба святкаваць 100-годзе БНР, яшчэ раз паказалі, што еднасці ў апазіцыі, як не было, так і няма.
Уладзімір Колас: Як бачым, старая хвароба нікуды не знікла, яна набыла хранічны характар. Усё гэта добра тлумачыць тое, што адбываецца і з нашай апазіцыяй, і з нашай краінай. Мы бачым немагчымасць знайсці кампраміс. Не могуць у нас прыйсці да таго, што трэба ўжываць самы галоўны дэмакратычны прынцып, калі любое пытанне павінна вырашацца сумленным галасаваннем і тая прапанова, якая атрымала большасць галасоў, прымаецца усімі ўдзельнікамі галасавання. Калі гэтага няма, калі нехта імкнецца настаяць толькі на сваім (а калі яго не падтрымліваюць, то ставіць палкі ў колы), то ў такім выпадку ўсё бурыцца і гэта, па вялікім рахунку, іграе на руку супрацьлегламу боку.
РР: Чаму ж так адбываецца?
Уладзімір Колас: Думаю, тыя, хто гэтым паслядоўна займаецца, яны гэта робяць свядома. Не хачу нікога абвінавачваць, але складваецца ўражанне, што яны атрымліваюць спецыяльнае заданне, каб усё разбурыць. Такім чынам усе намаганні прыхільнікаў пераменаў заканчваюцца нічым, і гэта ўжо прадказальна. Некаторыя ўдзельнікі апазіцыі працуюць своеасаблівым клапанам выпускання апазіцыйнай пары ў свісток, што і адбываецца ў чарговы раз.
РР: Як грамадства рэагуе на такую раз’яднанасць апазіцыі?
Уладзімір Колас: Усё гэта адштурхоўвае людей. Асабіста я, напрыклад, зразумеў, што у такой сітуацыі дзейнасць апазіцыі неэфектыўная і невыніковая. Паўтаруся, наша апазіцыйная супольнасць хворая на раз’яднанасць і не можа ад гэтага пазбавіцца. І пакуль на чале працэса будуць людзі, якія не могуць і не хочуць прыйсці да кампраміса і бураць агульныя намаганні, ніякіх станоўчых вынікаў чакаць не выпадае.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя