Уладзімір Лабковіч: Гэтая справа можа доўжыцца дастаткова доўга



Праваахоўныя органы не паведамляюць акалічнасці крымінальнай справы галоўнага бухгалтара прафсаюза Радыё-электроннай прамысловасці Ігара Комліка і кіраўніка РЭП Генадзя Фядыніча.

Паводле інфармацыі Уладзіміра Лабковіча з праваабарончага цэнтра «Вясна», адвакат увесь час мае доступ да Ігара Комліка, які знаходзіцца за кратамі, а Генадзя Фядыніча, які знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, да гэтай пары ня выклікалі на допыт.

– Да гэтага часу невядома, што лягло ў аснову, у падмурак гэтага абвінавачвання. Што нам вядома, гэта заява прэс-сакратара Следчага камітэта і заява Камтэта дзяжкантролю, якая была агучаная на наступны дзень пасля затрымання і ператрусаў. Гэтая справа можа доўжыцца дастаткова доўга.

2 жніўня супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расследаванняў правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакументаў у офісе прафсаюзу РЭП. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгалтар Ігар Комлік. Фядыніч быў дапытаны і адпушчаны, а Комлік змешчаны спачатку ў ізалятар. Абодвум выстаўлена абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Ім пагражае ад трох – да сямі гадоў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота licviny.info