Уладзімір Малей: Не спяшайцеся аплачваць падатак за дармаедства



Тысячы так званых лістоў шчасця атрымалі берасцейцы ў новым годзе. Такім чынам аддзяленні Міністэрства па падатках і зборах прымушаюць аплаціць падаткі за дармаедства.

У той жа час дзейнасць дэкрэта прэзідэнта, якая магла стаць падставай да такіх дзеянняў у межах закона, прыпынена, як патлумачыў прававы інспектар прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасці Уладзімір Малей:

– Затармазіў гэты дэкрэт аб дармаедстве, бо людзей, якія шукаюць працу, аказалася больш, чым працоўных месцаў. І вось гэтая сітуацыя накручваецца і накручваецца. Наш кіраўнік краіны ў безвыходным становішчы і робіць усё, каб неяк гэта нівеліраваць. Нават падчас апошняга выступу казаў, што гатовы запрасіць тых жа апазіцыянераў, каб вырашалі сітуацыю, якая склалася ў краіне.

Малей перакананы, што пакуль дзейнасць дэкрэта прыпыненая, то не трэба спяшацца аплочваць незаконныя падаткі. А калі ёсць неабходнасць, то звяртацца па дапамогу праваабаронцаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце