Уладзімір Малей патрабуе спыніць беззаконне ў Берасці



Прававы інспектар прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Уладзімір Малей накіраваў пратэст начальніку Берасцейскага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў і запісаўся на асабісты прыём. Інспектар лічыць прававым бязмежжам выклікі людзей міліцыяй у пятніцу ў якасці сведкаў і беспадстаўнае закрыццё іх у ізалятары часовага ўтрымання да суда ў панядзелак, на хаду пераўтвараючы ў абвінавачаных, кажа Уладзімір Малей:

Гэта бязмежжа, якое чыніць намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Ленінскага раёна Берасця Мікалай Самасюк. Каб выклікаць чалавека ў якасці сведкі, павінна быць падстава, а гэта не ўказваецца ў позве. Самасюк адвольна, пальцам указаў грамадзян, якіх ён хацеў бы бачыць у той час, калі яму хочацца, а менавіта ў пятніцу.

Уладзімір Малей патрабуе спыніць гэта беззаконне. Ён лічыць, што падпалкоўнік Мікалай Самасюк чыніць беззаконне, добра ведаючы сваю беспакаранасць. Паводле прававога інспектара, людзі маюць права сабрацца на плошчы, каб выказаць свае адносіны да падзей, звязаных з акумулятарным заводам. Шкоднае прадпрыемства стала пагрозай для здароўя і жыцця грамадзян.

Беларускае Радыё Рацыя