Уладзімір Мацкевіч: Гэта свята памяці па тых, хто з вайны не вярнуўся



Дзень перамогі – свята з вялікім ідэалагічным складнікам. Сказаў у нашым эфіры філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Сёння ва ўсёй Беларусі праходзяць урачыстасці, прысвечаныя 71-ай гадавіне завяршэння 2-й сусветнай вайны. Пераважна гэта ўскладанне кветак да помнікаў і мітынгі, а таксама народныя гулянні. У Беларусі пражывае каля 14 тысячаў ветэранаў той вайны, у тым ліку 9 тысячаў інвалідаў удзельнікаў вайны. І нават, калі б дзяржава не арганізоўвала Дзень Перамогі, то гэта свята засталося б у беларусаў, як дзень памяці, бо датычыцца амаль кожнай сям’і, – заўважае Уладзімір Мацкевіч.

– Без смутку гэта святкаваць сапраўды нельга. Гэта, як нават у савецкай песні спявалася, свята са слязамі на вачах. І думаю, нават калі б дзяржава проста спыніла ідэалагічна ўкладацца ў гэтае свята, беларусы памяталі б гэты дзень, адзначалі яго, як памяць пра сваіх бацькоў, дзядоў, якія ваявалі. Гэта смутак па тых, хто з вайны не вернуўся.  

І вельмі сімвалічна, перакананы Уладзімір Мацкевіч, што сёлета Дзень Перамогі побач з Радаўніцай. Паколькі памяць аб продках больш важная, чымсьці дэманстрацыя мілітарнай моцы альбо чарговы выходны дзень.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя