Уладзімір Мацкевіч: Нобель Алексіевіч паўплывае на беларускае грамадства
Першая Нобелеўская ўзнагарода для беларускай пісьменніцы паўплывае на беларускае грамадства, лічыць Уладзімір Мацкевіч. Беларускія ўлады доўгі час рабілі ўсё, каб адзінай асобай, якая магла быць вядомай і аўтарытэтнай у Беларусі, заставаўся Аляксандр Лукашэнка, але цяпер дзякуючы Шведскай акадэміі, сітуацыя змяняецца, – лічыць беларускі палітолаг.
– Святлана Алексіевіч стала такой асобаю, якая непадкантрольная ні Лукашэнку, ні ўладам. І ўжо па ўласнай ініцыятыве “Белавія” віншуе і шануе лаўрэатку Нобелеўскай прэміі. І газета “Советская Белоруссия” не можа пра гэта не згадаць, хоць і перакруціла, што толькі можна, але ўсё роўна працытавала значную частку Нобелеўскай лекцыі. І ў кнігарнях з’явіліся кнігі. Я думаю, што настаўнікі па ўласнай ініцыятыве будуць гэта згадваць. Схаваць, прамаўчаць цалкам гэта ўжо немагчыма….
Цалкам гутарку з Уладзімірам Мацкевічам слухайце у далучаным аўдыёфайле:
Беларускія дзяржаўныя каналы напярэдадні амаль праігнаравалі ўручэнне прэстыжнай літаратурнай узнагароды Святлане Алексіевіч. У кастрычніку Аляксандр Лукашэнка абрынуўся з крытыкай у бок Святланы Алексіевіч, якая ў сваіх розных выказваннях крытыкуе беларускі рэжым. У сваю чаргу інтэрнэт-супольнасць і незалежныя беларускія СМІ шырока транслявалі і каментавалі ўсе ўрачыстасці, звязаныя з уручэннем першай нобелеўскай прэміі грамадзянцы Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя