Уладзімір Някляеў гатовы да арышту ў кожную хвіліну
Паэт і адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Уладзімір Някляеў асцерагаецца, што яго ў любы момант могуць пасадзіць на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, і таму носіць з сабою неабходныя для адбыцця пакарання рэчы. Сам ён носіць адпаведную вопратку і абутак без шнуркоў, а таксама не забываецца пра лекі, без якіх не можа абыходзіцца:
– Маю сабраную торбу. Усё, што неабходна, у выпадку затрымання, перадусім лекі, якіх у мяне звычайна няма, калі знянацку затрымліваюць. Толькі аднойчы так было, ды і толькі таму, што побач была жонка, якая не давала міліцыянтам мяне забраць без лекаў: яны дазволілі пачакаць каля хаты, пакуль Вольга паднялася ў хату і вынесла лекі. Усе астатнія разы не дазвалялі патэлефанаваць, што таксама дзейнічае не лепшым чынам не толькі на мяне, але і на маю сям’ю. Бо ў такім выпадку сям’я не ведае, што са мной сталася.
Раней Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле пастанову Ленінскага раённага суда, згодна з якой Някляева асудзілі на 10 дзён за словы “Калі ёсць воля абараняць свае правы, то трэба выходзіць і абараняць”. Гэтыя словы прагучалі ў эфіры тэлеканала “Белсат” пра акцыю “Марш абураных беларусаў 2.0”, у якой Някляеў увогуле не ўдзельнічаў. Палітык падаў касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя