Уладзімір Някляеў – на волі



З менскага цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў вызвалены паэт і палітык Уладзімір Някляеў. Ён быў асуджаны на 7 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і шэсці супраць расейска-беларускіх вучэнняў „Захад-2017”, якія адбыўся ў Менску 8 верасня.

Уладзіміра Някляева сустракала каля 20 актывістаў і журналістаў. Выйшаўшы на волю, ён падзякаваў усім, хто яго сустрэў, і распавёў пра абставіны свайго арышту і ўтрымання ў няволі.

– Адтуль выходзіш нармалёва, але ўвогуле настрой так сабе па той простай прычыне, што, на маё перакананне, яны апошнімі арыштамі, а зрэшты пачынаючы з 2010 года, чакаюць, што неяк выцягнуць мяне адсюль нагамі ўперад у белых тапках. Я сыходжу з дзеянняў тых службаў, якія забяспечваюць усе гэтыя затрыманні, арышты. Яны мяне хапаюць па дарозе ў клініку. Каб не лінула кроў носам, то я, можа, іх мару і здзейсніў бы – вынеслі б уперад нагамі. Таму дзякуй богу, што кроў пайшла носам, а не ў галаву.

Псіхалагічнымі катаваннямі Уладзімір Някляеў назваў забарону яму пісаць у камеры. Адміністрацыя цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы паэта, адмовілася выдаць яму паперу і асадку.

Уладзімір Някляеў мае намер абскардзіць гэтыя дзеянні, а таксама свой арышт.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск