Уладзімір Някляеў: Не стала чалавека з беларушчынай у сэрцы



Паэт Уладзімір Някляеў выказаў вялікія шкадаванні ў сувязі з заўчаснай смерцю Уладзіслава Ахроменкі, пісьменніка, журналіста, даследчыка сталінскіх рэпрэсій.

Пражываючы апошнія гады ў Чарнігаве, ён даследаваў архівы НКВД, якія сталі даступнымі пасля іх адкрыцця ўкраінскімі ўладамі.

„Вельмі шкада, што яго не стала. Я асабіста вельмі добра ставіўся да яго. Ён некалі супрацоўнічаў з часопісам „Крыніца”, калі я там быў галоўным рэдактарам”, – успамінае Уладзімір Някляеў:

– Супрацоўнічаў так, што відавочна хацеў не толькі сябе выявіць у часопісе, але і спрыяць часопісу. Ён рознапланавы быў чалавек. Ва Украіне працаваў у архівах СБУ. А раней выдаў зборнік беларускай эратычнай прозы. Гэтыя дзве дэталі кажуць пра разнастайнасць ягонай дзейнасці.

„І ён мог бы яшчэ шмат зрабіць, – быў вельмі працавітым чалавекам. У гэты час, калі кожны, хто працуе для Беларусі, як бы на асаблівым уліку, нам вельмі не стае людзей з беларушчынай у сэрцы. Страта ягоная, канешне, заўчасная і цяжкая,” – сказаў Уладзімір Някляеў.      

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя