Уладзімір Някляеў, які быў, ёсць, будзе!



Быў, ёсць, буду!” Гэта дакладна і пра яго напрарочыў геній Уладзіміра Караткевіча. “Найсапраўдных буйных мала, вось няма і мужыкоў!” І гэта, бадай, пра яго праспяваў Уладзімір Высоцкі, які неаднаразова ў нашых мясцінах складаў свае вершаваныя спевы.

У інтэрв’ю нашаму радыё Уладзімір Някляеў ужо расказаў пра тое, як змянілася светаадчуванне, калі на судзілішчы ў Ленінскім раённым судзе, дзе яму без дай-прычыны былі прысуджаныя 10 сутак арышту, што фармальна вісяць над ім і зараз – не прыйшлі паплечнікі. Паведаў і пра тое, як і што найбольш цяжка паэту за кратамі. А таксама – які верш напісаў перад магчымай “пасадкай”. Дзякуй богу, яе не адбылося. Прынамсі, пакуль. Затое адбылося ўручэнне звання лаўрэата прэміі імя Наталлі Арсеньевай за кнігу “Толькі вершы”. І гэта будзе не адзіная прэм’ера. Яго. Паэта і Палітыка, перад усім, Беларуса. Сёння Уладзімір Някляеў — наш калядны госць.

РР: Нагадаю, што Вам “уляпілі” суткі за, нібы, падтрымку Марша абураных беларусаў 21 кастрычніка. Калі на “Белсаце” прагучала – цытата – “калі ёсць воля бараніць свае правы, дык трэба выходзіць і бараніць!”…

Назіраю за тым, што адбываецца з пэўнай насцярогай. З той прычыны, што з рознымі энергетычнымі пасыламі, але кажуць – з акопаў трэба ўставаць у час! І многія азіраюцца – маўляў, на Плошчу ісці не час, а ў бар на Зыбіцкай – самы той. І чалавеку, канешне, больш утульна лічыць, што ён у бары сядзіць таму што “не час”, а не таму што баіцца. Таму разумеючы што рана ці позна сістэма, створаная Лукашэнкам, абваліцца, трэба думаць як выстаяць пад гэтым абвалам і падставіць плечы сваёй дзяржаве. Я не заклікаю ўставаць і бегчы з крыкамі “далоў”, але штодня зрабі хоць што-небудзь. Канешне, і Лукашэнка сам стаў сібарытам – да прыкладу, узяў і з’ехаў, усё кінуўшы, “ з візітам” аж на два тыдні ці проста захацеў пагуляць у хакей – ну стаміўся ад улады! І яго лянотная стома перадалася ў грамадства. Завіхаюцца хіба тыя, хто маюць магчымасць нешта рэальна ўрваць ці зарабіць. Гэта і прычына таго, чаму дзелавая ініцыятыва ў нас не развіваецца, бо большасць не бачыць магчымасці для яе рэалізацыі. І шмат хто не можа дабрацца туды, дзе ляжаць грошы, а шмат хто па маральных перакананнях не хоча. Больш таго, калі некаму штосьці ўдалося стварыць-зарабіць без высачэзнага дазволу, ён аўтаматам пераходзіць “на той” бок барыкады ці наогул за краты. Пры тым, што пачуццё салідарнасці і ў апазіцыі стала блізкім да нуля. Гэта тлумачыцца і тым, што вялікая яе частка перайшла з актыўна змагарскага ў “офісны” рэжым, дзе разважаюць пра магчымасць “дыялогу”. Тут матывацыя атрымаць розныя даброты і… стомленасць – ад дзесяцігоддзяў барацьбы, што цягнецца і, па вялікім рахунку, не дае чаканых вынікаў.

РР: Вы самі на золку палітычнай кар’еры казалі, што “вымушаны пайсці ў палітыку” і “паэт і палітык – паняцці несумяшчальныя”. А цяпер Вам нават калегі – не буду называць прозвішчы – кажуць, што “навошта апосталу Духоўнасці было ісці ў палітычны гнюс і бруд” і увогуле “ўхаластую было выходзіць з акопаў, каб кідацца невядома як і невядома ж нашто?!”

Штосьці занадта шмат мяне апошнім часам пачалі “шкадаваць” – пішуць-прыходзяць: Уладзімір Пракопавіч, вы ж такі паэт, навошта гэта асабліва цяпер, калі ідзе відавочна ўладнае паляванне. У “Народнай волі” былі аж дзве паласы пра “паляванне на Някляева”. Але не трэба – я не хлопчык, які не разумее што робіць і мне не 17, а 71. І ведаю, ў якой сітуацыі і я, і грамадства. Але ж гэтыя “шкадаванні” нясуць у сабе самашкадаванне і самаапраўданне. Я некаму сказаў: «Каб я не рабіў таго, што насуперак усім і мо сабе раблю – і табе б спакайней было?!» Я не тое што ад гэтых людзей хачу адмахнуцца. Але гэтым займаецца сёння ўся дзяржаўная прапаганда – стварыць настрой паразы, нявер’я ў перамогу! Маўляў, сядзіце і, як у кітайскай міталогіі, чакайце калі рака прынясе труп ворага. А я не кітаец – я беларус! І вырас на зямлі, што ўсю сваю гісторыю правяла ў змаганні. І на Захадзе, і на Усходзе. Каб выжыць і людзьмі звацца. І няпраўда што продкі не перамагалі ворагаў – а як тады мы выжылі?! Няпраўда і тое, што сёння ўсе згадзіліся з пошасцю на нашай зямлі – стаміліся, але не згадзіліся! І калі не будзе людзей, што “вылазяць з акопаў”, усе гэтыя ўладныя сабакі працяўкаюць на Захад што – глядзіце, у нас жа ціш і спакой, ніхто не выходзіць на вуліцы і не пратэстуе. Ані супраць трэціх дэкрэтаў ці пятых, ані супраць таго, што ў войску забіваюць нашых дзяцей – гэта ж ўсё “эпізоды”! А агульная сітуацыя ў нас лепшая ў Еўропе – сядзім “на цвіку”, як кажуць пра беларусаў. Не!” А я ў Крэве нарадзіўся і там памру. І буду жыць так, як лічу патрэбным.

РР: Вы самі толькі што зазначылі, што людзі, як у савецкія часы, наракаюць на ўладу, але па камуналках. На вуліцах пахмурныя твары і беспрацоўе. Вось і Зянон Пазьняк нядаўна напісаў, што ў сучаснага пакалення замест крыві вада ў жылах. Якія ж тактычныя задачы перад сабой апазіцыя і Вы ставіце?

Вось прыклад. У камеры, дзе сядзеў, чатыры яшчэ ці пяць чалавек. Усе лічаць, што несправядлівыя тэрміны, і што пасадзілі. Ва ўсіх прэтэнзіі да турэмшчыкаў, якія каму перадачы не перадаюць ці лекаў. І – “усіх парэжам, як толькі нажы дадуць”. Пасля раніцы праверка – да сцяны ўсіх з камеры і ператрус пачынаецца. І ўсе рукі за спіну, галовы ўніз і ані слоўца “крыўдзіцелям”, пра якіх гадзінамі казалі. І ў гэта сітуацыі нельга было стаяць так разам з імі – не толькі дзеля ўласнай годнасці, але і разумення таго, што ты і ім мусіш дапамагчы. І тады глядзіш – адзін скажа, што з крана капае, другі пра тое, што мусіце забяспечыць тое і тое. І ўжо рукі ціснуць – “Пракоп, мы яшчэ сваё возьмем!” Ідзе назапашванне энергіі , што здольная змяніць становішча, у якім гэты чалавек прызвычаіўся жыць.

РР: Але што будзе, як Лукашэнка немінуча сыдзе – звычайна пачынаецца перыяд раздраю, перадзелу, крыміналу…

Сыдзе не Лукашэнка, а рэжым, што ён стварыў. А гэта цяжэй. Псіхалогія любога аўтарытарнага кіраўніка – не дазваляць некаму наблізіцца да вяршынь улады. І кінуцца да карыта і жук, жаба – і прарасейскія, і дэмакратычныя, і нацыянальныя сілы, і дыктатарскія. Лукашызм, зрэшты, што фармальна захоўвае незалежную дзяржаву, працуе-ткі і на будучыню. Для мяне галоўнае – не толькі якой будзе палітыка з эканомікай, але – нацыянальная свядомасць, мова і культура. Гістарычны досвед – калі не было духоўнага падмурка, усе “сістэмы” рушыліся. Таму Зянон не мае рацыі – кроў заўжды кроў і аднолькавай тэмпературы. А калі кажа пра мову і культуру – то, значыць, не будзе падмурку дзяржавы. З усімі наступствамі. Таму задача – застацца сваім родам, народам, сям’ёй, у сваёй дзяржаве. А гэта магчыма, калі яна Незалежная і рэальная.

РР: Ці пішацца зараз Паэту?

Калі б турэмшчыкі не заміналі – самы час. Праз іх я згубіў напісаную паэму. У камеры паперы і аловак не давалі. І тады гэты ціск і крыз. У амерыканцы, дзе дазвалялі карыстацца, напісаў “Турму”. І ўжо таму не лічу гэты час страчаным. Так што дзякуй Богу за ўсё і за тое, што не пакідае мяне ў тэкстах. І “хай рвецца Пагоня з дзяржаўнай пячаткі – непадкаваныя б’е капыты…”

Больш падрабязна – у далучаным гукавым файле, дзе й крыху апошніх вершаў паэта.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя