Уладзімір Няпомняшчых застанецца ў СІЗА да суда



Грамадскі актывіст Уладзімір Няпомняшчых застанецца ў СІЗА да суда. Яго абвінавачваюць у парушэнні артыкула 369 Крымінальнага кодэкса “Абраза прадстаўніка ўлады”.

Праваабаронца Леанід Судаленка распавёў, што заяву на Няпомняшчых падала пракурор Алеся Жураўская, якая прадстаўляла дзяржаўныя інтарэсы падчас суда па справе ўзняцця бел-чырвона-белага сцяга.

– Уладзімір сам заяўляе, што ён нікому не пагражаў, у тым ліку і пракуроршы. Калі Васіленку абвесцілі прысуд за падняты бел-чырвона-белы сцяг на флагшток, то пасля ён сказаў, што арганізаваная злачынная група, і адказнасць за гэта панясуць усе. Чаму гэтая пракурорша да сябе аднесла гэтую фразу, невядома.

Паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэка, Уладзіміру Няпомняшчых пагражае штраф, грамадскія працы, выпраўленчыя працы да двух год, арышт, альбо абмежаванне волі на тэрмін да трох год.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель