Уладзімір Парфяновіч: Навошта вы рызыкуеце сваім здароўем?



Трохразовы алімпійскі чэмпіён па веславанні Уладзімір Парфяновіч распавёў пра тое, як ён паставіўся да таго, што яго дачка напісала ліст беларускаму кіраўніку.

Ксенія Парфяновіч, дачка алімпійскага чэмпіёна, накіравала адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім выказала сваю грамадзянскую пазіцыю і жорстка раскрытыкавала захады кіраўніка краіны, якія тычацца сітуацыі з каронавірусам.

“Хопіць уводзіць людзей у зман”, – напісала Ксенія Парфяновіч і папрасіла даць ёй адказы на тыя пытанні, якія яе цікавяць.

Уладзімір Парфяновіч: Дачка – дарослы чалавек, таму сама прымае рашэнні, без падказкі бацькоў. Выказала сваю пазіцыю і жадае атрымаць адказы на пытанні, якія, на мой погляд, хвалююць не толькі Ксенію, але і многіх іншых беларусаў.

У краіне ўжо больш за 20 тысяч чалавек захварэлі на каронавірус, і гэта неверагодная лічба. Не будзем нават удакладняць – рэальная яна альбо не. І пазіцыя павінна быць адназначная – сёння не жарты патрэбны пра “псіхоз” і “лячэнне трактарам”, а рэальныя меры, якіх прытрмліваецца іншы свет.

А сёння мы бачым, як у нас зняважліва ставяцца да чалавечага жыцця. У нас людзей ніхто не паважае.  

РР: А якое ваша стаўленне да правядзення парада?

Уладзімір Парфяновіч: Безумоўна, ніякі парад у такі час не патрэбен, але мяне больш пытанняў да людзей, якія пагаджаюцца ісці на гэтае мерапрыемства. Хацелася б у іх запытацца: навошта вы рызыкуеце сваім здароўем і здароўем сваіх блізкіх? Гэта ж не 37-ы год, чаго вы калоціцеся?

Мяне наогул здзівіла адна жанчына, блізкі чалавек якой памёр ад каронавіруса. І вось яна просіць журналіста: “Вы ж толькі не называйце маё прозвішча”. Гэта што за людзі ў Беларусі, калі нават у такой сітуацыі баяцца казаць праўду ад свайго імя?

РР: Вы працягваеце зараз трэніраваць дзяцей у Мастах? Школа не спыніла працу?

Уладзімір Парфяновіч: Школа працуе, але прыбівае нявызначанасць, бо няма спаборніцтваў і дакладна невядома, калі і якія турніры адбудуцца. Таму дзеці ў мяне пытаюцца: “А да якіх спаборніцтваў мы трэніруемся?” Я ім адказваю так: “Рыхтуемся да наступных Алімпійскіх гульняў”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя