Уладзімір Родчанка: Выпусцілі амаль праз 4 гадзіны без пратакола
Гарадзенскага ІТ-менеджара Уладзіміра Родчанку затрымалі 9 лютага 2021 года на сваім працоўным месцы, калі ён запытаўся ў “сілавікоў”, на якой падставе яны ўварваліся ў офіс іх кампаніі:
– Супрацоўнікі адмаўляліся паказваць дакумент, яны хацелі агледзець працоўнае месца. Больш нічога асаблівага не здарылася. Дакумент яны так і не паказалі. Выклікалі АМАП. Беглі ламаць дзверы. У выніку мне ўляпілі 23.4 – непадпарадкаванне законнаму патрабаванню.
Пасля гэтага Уладзіміра Родчанку завезлі ў Кастрычніцкі РАУС Гародні, куды да Уладзіміра паспеў прыехаць адвакат, але хлопца працягвалі трымаць у РАУСе:
– Больш за тры гадзіны – у пяць з нечым я толькі выйшаў. Пратакол не складалі, рэчы вярнулі.
РР: Будзе нейкі суд?
– Увогуле нічога не зразумела. Ніякіх павестак не давалі.
Уладзіміра Родчанку некалькі разоў затрымлівалі ў жніўні – верасні 2020 года, міліцыянты нават забіралі ў хлопца аўтамабіль, бо той ездзіў з бел-чырвона-белымі сцягамі. 12 жніўня хлопца моцна збілі пры затрыманні людзі ў цывільным. Ён падаваў заяву ў Следчы камітэт, аднак у пачынанні крымінальнай справы яму было адмоўлена.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня