Уладзімір Салаўёў асудзіў антыбеларускую рыторыку на расейскім тэлебачанні



Расейскі журналіст і тэлевядоўца Уладзімір Салаўёў на прэс-канферэнцыі 25 лістапада ў Менску асудзіў антыбеларускую рыторыку на расейскім тэлебачанні.

Такім чынам ён адрэагаваў на пытанне журналістаў аб некалькіх выпусках тэлеперадач, якія выйшлі на гэтым тыдні ў эфіры расейскага Першага канала і тэлеканала „Звезда”. У іх пераважна ў негатыўным ключы закраналася тэма Беларусі ў сувязі з украінскімі падзеямі, а таксама выказвалася незадаволенасць беларускай гістарыяграфіяй.

Паводле слоў Салаўёва, ён не глядзеў гэтыя выпускі. „Што за дурні, хто гэта рабіў і навошта? Ёсць куча ідыётаў, якія чамусьці спрабуюць падняць рэйтынг шоу за кошт таго, каб знайсці нешта, высмактаць з пальца. Вядома, я маю на ўвазе маіх калег па Першым канале і чымсьці яшчэ. Гэта безадказна і непрыстойна”, — заявіў вядоўца.

На расейскім тэлебачанні, паводле яго слоў, нярэдка ўзнікае сітуацыя, калі тэма раздзімаецца з узятай у інтэрнэце ўрыўкавай інфармацыі, яе абмяркоўваюць многія СМІ. „А потым глядзіш — ходзяць з шоу ў шоу адны і тыя ж людзі, адны і тыя ж тэмы… Нейкая дзікая лухта”, — сказаў Салаўёў.

Паводле яго слоў, з-за гэтага людзям можа здацца, што такім чынам выражаецца дзяржаўная палітыка Расеі. Але гэта не з’яўляецца праўдай, падкрэсліў журналіст. „Вы на поўным сур’ёзе лічыце, што людзі, якія сядзяць у Расеі на тэлебачанні, вывучаюць палітычны парадак дня і пад яго ствараюць адносіны? Ці можаце сабе ўявіць, колькі праграм на тэлебачанні? Тэлебачанне працуе зусім па іншым прынцыпе”, — адзначыў Салаўёў.

Такія перадачы не трэба глядзець, парэкамендаваў вядоўца. Расейскае тэлебачанне, паводле яго слоў, уяўляе сабой „дзікую колькасць тэлеканалаў і мільён праграм, якія робяць вельмі розныя людзі з вельмі рознай ступенню прафесіяналізму”. Так, калі глядзець увесь час перадачы пра здароўе, то ўзнікне адчуванне, што „ўся краіна цяжка хворая і яе трэба лячыць ад дзікага набору хвароб”, а калі глядзець толькі палітычныя праграмы, то „паўстане адчуванне, што свет заўтра абрынецца”.

На кожным тэлеканале ёсць „свой набор ідыётаў”, якія не ўсведамляюць, якая адказнасць на іх ляжыць перад грамадствам, заявіў Салаўёў. „На жаль, тэлевізійны бізнес уладкаваны такім чынам, што талент драматызацыі становіцца вышэйшым за ўсё. Гэта абсалютная вайна за рэйтынг”, — падкрэсліў ён.

Сустрэча Салаўёва з беларускай прэсай адбылася за некалькі гадзін да яго выступу ў Палацы Рэспублікі.

belapan.by