Уладзімір Сідарэнка будзе абскарджваць рашэнне суда



Рашэннем Баранавіцкага суда адмоўлена ў задавальненні скаргі інваліду другой групы Уладзіміру Сідарэнку.

Суддзя Вольга Апановіч задаволіла хадайніцтвы прадстаўніка адказчыка Баранавіцкага малаказавода аб прымяненні тэрміну даўніны. Суддзя не звярнула ўвагі, што тэрмін даўніны адбыўся па прычыне хваробы інваліда, кажа Уладзімір Сідарэнка:

– Рашэнне суда было прадказальным. Знайшлі спосаб. Не прынялі пад увагу тое, што я хварэў больш за месяц. Усё спісалі на тое, што заява была пададзена на дзень пазней, чым трэба.

Паводле прававога інспектара прафсаюза РЭП Уладзіміра Малея, рашэнне суддзі Апановіч цалкам незаконнае:

– У сваіх пярэчаннях мы ўказалі, што своечасова падалі заяву – гэта месячны тэрмін на змяненне фармулёўкі звальнення. І факты, якія прыводзілі, таксама былі даказаныя.

Уладзімір Сідарэнка не згодны з рашэннем суда і будзе яго абскарджваць. Былы чарнобылец Сідарэнка прапрацаваў на малаказаводзе без малога 20 гадоў. Праз шкодныя для падарванага здароўя ўмовы працы, аргументавана даказаныя ў судзе, атрымаў спачатку трэцюю групу інваліднасці, пазней – непрацоўную другую. Звольнены не па прычыне атрымання групы, а па прычыне няздольнасці выканання працы. З такой фармулёўкай Сідарэнка не згодны.

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы