Уладзімір Табула падаў у пракуратуру скаргу на паштовае аддзяленне



Звольнены з прадпрыемства “Граніт” інжынер па тэхніцы бяспецы Уладзімір Табула звярнуўся ў пракуратуру Лунінецкага раёна са скаргай на паштовае аддзяленне ў Мікашэвічах. Ён мяркуе, што адказы на ягоныя скаргі прачытваюцца зацікаўленымі людзьмі.

Адказ з Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэта высланы 29 студзеня, а ў паштовую скрынку чамусьці не яму, а маці Табулы ўкінуты 3 лютага.

Калі пісьмо прыйшло ў Мікашэвічы – невядома: штэмпель адсутнічае, кажа Уладзімір Табула:

— І тое дзіўна, бо я паўсюль указваю свой адрас: Першамайская 39-54, а прыйшло на адрас Першамайская 3а-30. Дык значыць, ускрывалі канверт.

Трэба адзначыць, што барацьба Табулы за ўзнаўленне на працы набывае дэтэктыўную афарбоўку. Невядомы міліцыянт прадстаўляецца маці Табулы ўчастковым і вядзе пошукі нейкага ананіма, што напісаў пісьмо ў Міністэрства архітэктуры, а заадно распытвае, пра што Табула піша ў гэтае ж Міністэрства.

— Пытанне вось у чым: ці вы выпадкова ніякага звароту па электроннай пошце ці інтэрнэт не дасылалі пасля гэтага?… А калі вы яго адпраўлялі? А вы ведаеце такую асобу, як Якубчанка Інэса Мікалаеўна? Бо жанчына з такім іменем таксама даслала зварот…

Уладзімір Табула лічыць, што паштовыя работнікі і падстаўны ўчастковы гуляюць на карысць генеральнага дырэктара “Граніта” Эдуарда Гаўрылковіча, які даўно дзейнічае, як гаспадар іх гарадка.

Беларускае Радыё Рацыя