Уладзімір Вялічкін і Віталь Казак абскардзяць прысуд
Абскарджваць рашэнне суда Ленінскага раёна збіраюцца ў Берасці праваабаронца Уладзімір Вялічкін і грамадскі дзеяч Віталь Казак. Яны атрымалі штрафы за прыцягненне ўвагі да праблемы будаўніцтва акумулятарнага завода.
Скарга будзе накіравана ў абласны суд, распавёў Уладзімір Вялічкін:
– Я буду абскарджваць з адной нагоды, для мяне найбольш важна тое, каб людзі маглі выказаць сваю думку, каб людзі маглі данесці нейкую аб’ектыўную інфармацыю пра нейкія падзеі, каб людзі маглі выкарыстаць сваё права на мірны сход. Гэта права гарантавана Канстытуцыяй, міжнародным правам, а людзям банальна затыкаюць рот, гэтымі штрафамі, затрыманнямі. Я лічу, што гэта абуральна і парушае канстытуцыйныя правы жыхароў нашага горада.
Далей таксама будуць падрыхтаваныя скаргі ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь і міжнародныя інстанцыі для адстойвання сваіх палітычных і сацыяльна-эканамічных правоў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце