Уладзімір Вялічкін: Ніхто не папярэджваў, што яны парушаюць грамадскі парадак



Ужо сёння, 27 студзеня, у Берасці павінен адбыцца працяг разгляду так званай „карагоднай справы”. Яна падзеленая на некалькі частак, у кожнай з якіх каля дзясятка абвінавачваемых, што груба парушылі грамадскі парадак, альбо ўдзельнічалі ў беспарадках, – гэта артыкул 342 крымінальнага кодэксу, — распавёў праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Ніякіх папярэджанняў не было, што яны парушаюць грамадскі парадак. Яны адзін аднаго не ведалі, сустрэліся выпадкова. У атмасферы ўздыму і весялосці. Ну патанцавалі. Добра. Ніхто не арганізоўваў, як у “Каўказкай палонніцы”, перакрыццё дарогі. Ніхто нікога не трымаў за рукі. Група аўтамабіляў на вялікай хуткасці несліся на гэтых людзей. Ніводзін з аўтамабіляў не падаваў сігнал, каб іх прапусцілі. А той, хто хацеў праехаць, праязджаў.

Пратэстнае шэсце ў Берасці адбылося 13 верасня мінулага году і скончылася карагодам на перакрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава. Па выніках удзельнікі былі разагнаныя з ужываннем вадамёту.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце