Уладзімір Вялічкін папрасіў прадставіць план мерапрыемстваў



Берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін папрасіў мясцовыя ўлады прадставіць планы мерапрыемстваў на гэты год. Адпаведны зварот ён накіраваў у Берасцейскі гарадскі выканаўчы камітэт. Падставай для напісання ліста сталі адмовы ў правядзенні пікетаў і шэсцяў прастаўнікам дэмакратычнай супольнасці Берасця. Прычына – нібыта правядзенне загадзя запланаваных у тых жа месцах уладамі мерапрыемстваў, – распавёў праваабаронца:

– У сваім адказе аб адмове ў мерапрыемстве гарвыканкам спаслаўся на рашэнне Берасцейскага гарвыканкама ад 18.12. 2013 года за №2675. У гэтым рашэнні як раз згадваецца менавіта план мерапрыемстваў на 2014 год. Вось таму я вырашыў пацікавіцца гэтым планам мерапрыемстваў і напісаў адпаведную заяву.

Калі планы мерапрыемстваў гарадскіх уладаў будуць у адкрытым доступе, тады будзем адразу ведаць ці варта падаваць заяўку на правядзенне таго ці іншага мерапрыемства, каб не рабіць дарэмную працу, – дадаў Уладзімір Вялічкін.

Беларускае Радыё Рацыя