Уладзімір Вялічкін працягвае змаганне за беларускамоўныя класы
26 траўня адбылася нарада дырэктароў школ і дзіцячых садкоў Маскоўскага раёна Берасця. На пачатку мерапрыемства загадчыца Аддзела адукацыі Маскоўскага раёна Ала Пятроўна Ульяніцкая дала слова бацку выпускніка 5 „Г” класа СШ 29 Уладзіміру Вялічкіну.
У сваёй прамове Уладзімір Вялічкін адзначыў, што ў раёне шмат робіцца дзеля папулярызацыі беларускай мовы і культуры, але мерапремствы па іх папулярызацыі мала асвятляюцца ў сродках масавай інфармацыі… Што пры жаданні можна было б знайсці дадатковыя сродкі на друк асветніцкіх матэрыялаў і школьных выдавецкіх пректаў, якія сёння ў адзінкавых асобніках знаходзяцца ў шуфлядах кабінетаў, але выклікаюць вялікую цікаўнасць… Што трэба прапанаваць бацькам, у выкананне роўнасці дзяржаўных моў, гарантаванай беларускім заканадаўствам, пры падачы заяў аддаваць дзяцей на выбар у беларускі ці рускі клас. Каб гэта быў свядомы выбар бацькоў, бо зараз альтэрнатывы няма – руская школа, бланк заявы на рускай мове…
Пасля прамовы Уладзімір Вялічкін падзяліўся ўражаннямі: „Сустрэча была мала аптымістычнай. Як мне падалося, некаторых дырэктароў палохае перспектыва рабіць дадатковы высілак у галіне папулярызацыі адукацыі на беларускай мове. Для гэтага трэба мець адпаведную эрудыцыю, якой ня ўсім хапае. Не можаш, я лічу, – саступі месца маладым, тым, хто хоча і можа працаваць у інтарэсах Беларусі, на яе будучыню, прэстыж і шацунак у сьвеце.
Карыстаючыся нагодай, прашу неабыякавых берасцейцаў інфармаваць мяне, калі Вам не будуць прапаноўваць аддаць дзіця ў клас з беларускай мовай навучання, ці будуць адгаворваць па надуманых падставах, маўляў „школа руская”, ці „вучняў назбіраць не можам”, або прыніжаць.
Мой тэлефон: +375297223541, е-мэйл: [email protected]
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце