Уладзімір Вялічкін: Выбарчыя камісіі не выклікаюць даверу



Нізкую яўку на выбарчым участку №75 Берасця ў асноўны дзень галасавання зафіксаваў праваабаронца і назіральнік Уладзімір Вялічкін. Пры гэтым, па дадзеных камісіі, датэрмінова прагаласавала каля 25% выбарцаў, а каля 70 скарысталіся магчымасцю пакінуць свой голас «на даму».

Уладзіміра Вялічкіна здзіўляюць такія лічбы:

— Калі вы зайшлі на ўчастак вы шмат там выбарцаў бачылі? Вось я ўвесь дзень назіраю гэтую карціну. Мяркую, што асноўная маса выбаршчыкаў прабегла паўз мяне, калі я быў на абедзе. На датэрміновым галасаванні паводле звестак камісіі прагаласавала 688 выбарцаў, а ў спісе, які мне падалі, але гэта недаставерная лічба для мяне, бо я не бачыў дакументаў, крыху больш за 2200 выбарцаў. Гэта каля 25 адсоткаў, нават меней, прагаласавала датэрмінова.

Выбарчая камісія гарадскога участку №75, як і склад назіральнікаў, пераважна складалася з работнікаў гімназіі №2 дзе ўчастак месціўся. Старшыня камісіі – дырэктар навучальнай установы Раман Гранічны. «Гэтая, як і ўсе астатнія выбарчыя камісіі, асабіста ў мяне даверу не выклікаюць», — зазначыў Уладзімір Вялічкін. Пры гэтым, дадзены выбарчы участак №75 – адзін з нешматлікіх у Берасці, дзе старшыня дазволіў фота і відэаздымкі фрылансерам і назіральнікам.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце