Уладзімір Ягоўдзік: Мой нізкі паклон вам, жыхары Вяснянкі!
У Менску, у адным з кафэ мікрараёна Вяснянка, адбылася ўнікальная сустрэча менчан з пісьменнікам, лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2019), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1993), Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра (1994) Уладзімірам Ягоўдзікам.
Напярэдадні Новага года Уладзімір Ягоўдзік быў затрыманы лукашэнкаўскімі сілавікамі. За тое, што пісьменнік ішоў на вадасховішча пакарміць качак батонам, яго затрымалі сілавікі і да суда паўтары сутак пратрымалі ў міліцыі. А потым суд аштрафаваў літаратара на 810 рублёў.
З вядомым пісьменнікам жыхары мікрараёна Вяснянка наладзілі сустрэчу. Па словах пісьменніка, на сустрэчу прыйшлі дзясяткі людзей, якія задавалі Уладзіміру Ягоўдзіку шмат пытанняў пра беларускую літаратуру, пісьменікаў, сустрэчы з класікамі беларускай культуры. Літаратар падараваў прысутным, асабліва юным чытачам, шмат сваіх кніг пра родную прыроду, пра князёўну Рагнеду, пра скарбы Радзімы. Мінчане таксама з вялікім задавальненнем куплялі выданні пісьменніка. Сустрэча працягвалася з 20 гадзін да 22. Дзве гадзіны жыхары Вяснянкі гутарылі пра роднае слова, любоў да Бацькаўшчыны, пра беларускія легенды і паданні…
Пасля сустрэчы, карэспандэнту Радыё Рацыі Уладзімір Ягоўдзік сказаў, што выручаных грошай ад продажу кніг, яму хапіла дзеля таго, каб пагасіць штраф, які яму незаконна прысудзіў суд. “І самае галоўнае, — як адзначыў пісьменнік, — гэта тое, што сустрэча прайшла ў самай шчырай, сардэчнай, цёплай атмасферы, такой цікавай і непасрэднай сустрэчы ў мяне ніколі ў жыцці не было. Яна мне запомніцца назаўсёды. Шчыры дзякуй усім! Нізкі паклон вам, жыхары Вяснянкі!”.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота: Telegraf.by