Уладзіміра Мацкевіча перавялі на Валадарку
Філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча перавялі з ІЧУ на завулку Акрэсціна ў СІЗА № 1 на вул. Валадарскага. Пра гэта паведаміў гендырэктар міжнароднай няўрадавай арганізацыі „ЕўраБеларусь” Андрэй Ягораў. Ён піша: „Гэта значыць арышт. Абвінавачванне павінны выставіць на працягу 10 сутак”. Пакуль Мацкевіч падазраваны ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак». Як філосафа прыцягнулі менавіта да гэтага артыкула. Тлумачыць Андрэй Ягораў.
– Тут увогуле не шмат логікі ў прыкручванні розных артыкулаў да розных людзей. Мы памятаем даволі дзіўныя артыкула, якія прымяняліся – і экстремізм, і тэрарызм, і шмат чаго іншага. Мацкевіч у дадзеным выпадку небяспечны ім проста тым, што гэты чалавек ажыццяўляў „вольнае мысленне” ў Беларусі. Як смелы і адказны беларускі інтэлектуал, ён каментаваў усё тое, што адбываецца. Ён чорнае называў чорным, белае – белым. Ён крытыкаваў палітычны рэжым задоўга да 2020.
Уладзімір Мацкевіч — філосаф і метадолаг, грамадскі дзеяч, тэлевядоўца. Заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій, першы кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь» (міжнародная грамадская арганізацыя, створаная прадстаўнікамі НДА ў 2007 годзе і зарэгістраваная ў Літве ў 2009 годзе), заснавальнік праграмы стварэння «Лятучага ўніверсітэту».
Беларускае Радыё Рацыя