Уладзіміра Няпомняшчых пакаралі штрафам



Экс-кандыдата ў дэпутаты Уладзіміра Няпомняшчых аштрафавалі на тры базавыя велічыні ў сукупнасці за непадпарадкаванне міліцыянтам і дробнае хуліганства.

wp_20160927_006

Такое рашэнне агучыў суддзя Чыгуначнага раённага суда Гомеля Мікалай Бакуноў. Апазіцыянер прагназаваў арышт, таму і прыйшоў на судовае пасяджэнне з заплечнікам, у які сабраў прадукты і кнігі.

– Што я магу сказаць? Рашэнне суда – неправамоцнае. Але я лічу, што суддзя павёў сябе сумленна. Не кожны б так зрабіў. Я лічу, што ён даў мінімальнае пакаранне, якое мог даць, інакш яго б не зразумела ўлада. Бо ён чалавек пры ўладзе – у яго ёсць кабінет, цёплае месца, добры заробак.

Падчас суда над Уладзімірам Няпомняшчых былі адхіленыя амаль усе хадайніцтвы з боку абароны. Паводле праваабаронцы Леаніда Судаленкі, тэндэнцыйны працэс над Няпомняшчых мае ўсе шансы на абскарджанне ў міжнародных інстанцыях:

У абавязковым парадку трэба абскарджваць, вычэрпваць усе ўнутраныя сродкі прававой абароны і скардзіцца ў Камітэт па правах чалавека ААН. Для чаго гэта рабіць? Каб заўтра нашых дзяцей супрацоўнікі АМАПу не сустракалі на вуліцы і не прад’яўлялі ім неабгрунтаваныя прэтэнзіі, у рэшце рэшт, каб супрацоўнікі міліцыі не хлусілі.

12-га верасня Уладзімір Няпомняшчых збіраўся ехаць на мірную акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў у Менск. Аднак па дарозе, каля гомельскага вакзала, яго затрымалі супрацоўнікі АМАП.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель