Уладзіміра Табулу звольнілі з “Граніта”
На прадпрыемстве “Граніт” у Берасцейскай вобласці звольнены чарговы працоўны з актыўнай грамадскай пазіцыяй.
Уладзімір Табула, згодна афіцыйнай версіі, быў пазбаўлены працы ў сувязі з завяршэннем тэрміну кантракту. Адразу ж пасля звальнення працоўны звярнуўся ў незалежны прафсаюз для падрыхтоўкі скаргі ў суд. Уладзімір Табула лічыць, што працадаўца паступіў незаконна. І расказаў нам, якім чынам дайшло да такой сітуацыі:
– Усё пачалося ў 2013 годзе, калі я заступіў на пасаду інжынера па ахове працы. Я таксама быў на такіх пасадах як намеснік начальніка аддзела аховы працы і намеснік галоўнага інжынера па ахове працы. У 2015 годзе я стаў непажаданым прадпрыемству, на якім адпрацаваў амаль 12 гадоў. Мяне проста выкінулі на вуліцу, пакінулі маю шматдзетную сям’ю і мяне з аліментамі, крэдытамі.
У скарзе, якую рыхтуе Уладзімір Табула разам з прававым інспектарам Уладзімірам Малеем, адзначаецца, што звальненне працоўнага было незаконным. Працэдура яго пераводу з адной пасады на прадпрыемстве на іншую прайшла з парушэннямі, а менавіта – кантракт на новым месцы не быў перазаключаны, а гэта значыць, што дзейнічае кантракт са старога месца працы.
Беларускае Радыё Рацыя