Улёткі «Свабоду Ігару Комліку» з’явіліся ў Берасці



На афішы па вуліцы Пушкінскай, у раёне цэнтральнага рынку, што ў Берасці, з’явіліся ўлёткі. На іх – фотапартрэт чалавека за кратамі. Таксама на ўлётках змешчаны надпіс «Свободу Игорю Комлику» па-руску і «Freedom for Igor Komlik Belarus” па-ангельску. Гаворка ва ўлётках вядзецца пра Старшыню Менскай гарадской арганізацыі незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), якога сёлета, 2 жніўня, накіравалі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Арышт адбыўся адразу пасля допыту ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў КДБ па Менску, а таксама на офісе РЭП быў праведзены ператрус з канфіскацыяй маёмасці. “Прафсаюз РЭП дапамагаў пад час вулічных акцый пратэсту супраць дэкрэту “аб дармаедстве”, нагадвае грамадскі актывіст і актыўны ўдзельнік тых акцый Андрэй Шарэнда:

Наступствы гарачай вясны. Рэжым вырашыў перастрахавацца на восень. Справа прафсаюзаў гэта рэакцыя на тыя рэакцыі пратэстаў, што былі ўвесну. Прафсаюз добра дапамагаў рэпрэсаваным і юрыдычна, і маральна. Таму пайшла такая рэакцыя на ўсіх, хто ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і ўсіх, хто ім дапамагаў.

Адказнасць за вывешванне ўлётак пакуль ніхто на сябе не ўзяў. “Ва ўмовах нашай краіны гэтага і не трэба, дзеля таго каб пазбегнуць мажлівых рэпрэсій з боку ўладаў”, мяркуе Андрэй Шарэнда.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце