Улёткі ў падтрымку арыштаваных экаактывістаў
У розных месцах Берасця і Берасцейскага раёна з’явіліся ўлёткі ў падтрымку арыштаваных экаактывістаў Аляксандра Кабанава, Зміцера Бекалюка і Зміцера Андрасюка.
На ўлётках выявы актывістаў з надпісамі: «Свабоду актывістам і не – заводу». Таксама ўлёткі пра шкоднасць свінцу. Кажа праваабаронца з Берасця Раман Кісляк:
– Улёткі, плакаты за свабоду тых актывістаў, якія былі арыштаваныя і знаходзяцца зараз у ІЧУ Ленінскага РАУС. У розных месцах, на прыпынках, слупах, месцах, дзе размяшчаецца інфармацыя, аб’явы, развешаныя гэтыя плакаты, улёткі. Відавочна, што актывісты, якія супраць завода, такім чынам стараюцца падтрымаць затрыманых і арыштаваных.
Нагадаем, што Аляксандр Кабанаў, Зміцер Бекалюк і Зміцер Андрасюк былі затрыманыя міліцыянтамі 17 красавіка, судом Ленінскага раёна (суддзямі Аляксандрам Семянчуком, Дзмітрыем Куроўскім і Дзмітрыем Шурыным) пакараны арыштам 15 сутак нібыта за арганізацыю і правядзенне масавага мерапрыемства.
Беларускае Радыё Рацыя