Уначы Мікалаю Аўтуховічу прынеслі позву ў шпіталь



Мікалай Аўтуховіч пачувае сябе лепш, але ціск пасля гіпертанічнага крызу, які былы палітычны вязень атрымаў у выніку судовага пераследу, яшчэ не нармалізаваўся – быў 160, зараз 140.

“Прабуду ў шпіталі яшчэ некалькі дзён”, – кажа Мікалай Аўтуховіч і распавядае, што позву ў суд яму прыносілі ў шпіталь ўначы:

Уначы прынеслі позву ў гэты суд. Гэта проста здзекі. Ноччу яны прыносяць павестку, каб зранку быў у судзе.  Дзе такое было калі?!

Ваўкавыскі раённы суд паўторна разгледзеў справу без Аўтуховіча, у прысутнасці толькі ягонага адваката. Сам Аўтуховіч пасля гіпертанічнага крызу дагэтуль у шпіталі.

Суд прыняў рашэнне працягнуць прэвэнтыўны нагляд над ім яшчэ на паўгода. Гэта стала магчымым пасля рашэння Гарадзенскай абласной калегіі.

Тэрмін раней усталяванага прэвэнтыўнага нагляду над Мікалаем Аўтуховічам сканчаўся, і таму, паводле яго, улады любым чынам імкнуліся правесці гэты суд, каб падоўжыць гэты тэрмін.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя