Унесеныя змены ў парадак тэставання і лячэнне пацыентаў з COVID-19
Міністэрства аховы здароўя ўнесла змены ў клініка-лабараторныя крытэрыі ўстанаўлення дыягназу COVID-19 і зацвердзіла новыя падыходы ў лячэнні пацыентаў з каронавірусам. Загадам міністэрства № 557 ад 21 траўня, размешчаным на яго сайце, прадугледжаныя групы пацыентаў, якія падлягаюць лабараторнаму абследаванню на інфекцыю COVID-19, апісаны парадак лабараторнага даследавання пры выпісцы/пераводзе і г.д.
„Сучасная ПЦР-дыягностыка дазваляе вылучыць фрагменты РНК-віруса, але на сённяшні момант гэта не сведчыць пра яго жыццяздольнасць, — адзначае прэс-служба міністэрства ў каментары да загада. — У здаровага чалавека ў норме РНК каранавіруса вызначацца не павінна. Адпаведна, калі першасна выяўляецца пацыент (з праявай сімптомаў або без сімптомаў) з наяўнасцю РНК, гэта сведчыць аб інфікаванні. Пры гэтым, як паказвае практыка, у вялікай колькасці пацыентаў рэшткі РНК-віруса пры ПЦР-дыягностыцы могуць вылучацца больш як месяц. Вопыт кітайскіх і іншых навукоўцаў паказвае, што гэта нежыццяздольны вірус, які не здольны інфікаваць кагосьці яшчэ”.
Усе даследаванні, сцвярджае Міністэрства аховы здароўя, паказваюць, што ўдалося вылучыць і атрымаць жыццяздольны вірус максімум праз 12 дзён з моманту з’яўлення клінічных сімптомаў. Улічваючы, што бессімптомныя і лёгкія формы ў Беларусі тыпуюцца, паўстае пытанне аб тым, што наяўнасць РНК-віруса не сведчыць аб здольнасці заражаць. „У літаратуры не апісана выпадкаў інфікавання пацыентаў праз 21 дзень з моманту з’яўлення клінікі пры лёгкіх формах захворвання, а таксама тое, што носьбіцтва не сведчыць аб здольнасці заражаць. Пры гэтым абломкі віруса ў клетцы могуць утрымлівацца яшчэ досыць доўга, але жыццяздольны вірус, здольны заражаць іншых, яны не вылучаюць”, — адзначаюць у прэс-службе.
„У сувязі з гэтым вядучыя эксперты краіны прынялі рашэнне аб тым, што не варта праводзіць пацыентаў лішні раз праз не зусім прыемную працэдуру ўзяцця мазка, які не мае клінічнага значэння. Такім чынам, пацыентам з лёгкай і бессімптомнай формай COVID-19 тэставанне праводзіцца на 14-е суткі, і пры адмоўным выніку пацыент будзе выпісаны. Калі ж у пацыента станоўчы вынік тэставання, то закрываць бальнічны ліст будуць на 21-шы дзень”, — гаворыцца ў каментары.
Акрамя таго, загадам змененая кратнасць прыёму пацыентамі з каронавірусам прэпарата „Фавіпіравір”. Падрабязна агавораныя дозы, працягласць і кратнасць прыёму, супрацьпаказанні да прызначэння прэпарата.
Дакумент вызначае новыя падыходы да выкарыстання гідроксіхларахіну пры лячэнні COVID-19, выпрабаванні якога Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя часова прыпыненыя. Кантроль за прызначэннем гэтага прэпарата будзе больш жорсткім, гэтае пытанне пастаянна адсочваецца.
Акрамя таго, загадам рэгламентуецца выбар і дазаванне антыкаагулянтаў для лячэння і прафілактыкі тромбаэмбалічных ускладненняў у пацыентаў, а таксама выкарыстанне глюкакартыкастэроідаў для лячэння пнеўманіі.
У Міністэрстве аховы здароўя адзначылі, што змены ў пратаколы лячэння будуць і далей уносіцца „па меры назапашвання і абагульнення клінічных даных, публікацый і распрацоўкі міжнародных рэкамендацый па гэтым пытанні”.
На 1 чэрвеня ў Беларусі было пацверджана 43.403 выпадкі каронавіруснай інфекцыі, памерла 240 чалавек.